Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Злучаныя Штаты сталі першай краінай у сьвеце, якой удалося дамагчыся такога посьпеху ў вакцынацыі. Аднак у некаторых рэгіёнах ЗША працягвае інтэнсіўна расьці колькасьць выпадкаў заражэньня COVID-19.
Раней на гэтым тыдні прэзыдэнт Джо Байдэн заявіў, што ў сувязі з ростам тэмпаў вакцынацыі, да 19 красавіка права на вакцыну будуць мець прынамсі 90% дарослых амэрыканцаў. Раней Байдэн абяцаў дамагчыся гэтага паказчыка да 1 траўня.
Аднак падчас брыфінгу рабочай групы па каранавірусу, які прайшоў у Белым доме раней на гэтым тыдні, кіраўнік Цэнтру ЗША па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў (CDC) доктар Рашэль Валенскі папярэдзіла аб небясьпецы таго чыньніку, што занадта шмат амэрыканцаў перастаюць выконваць абмежаваньні, зьвязаныя з COVID −19.
Прэзыдэнт Байдэн выказаў меркаваньне, што, калі гэтая тэндэнцыя працягнецца, у ЗША можа адбыцца чацьвёрты ўсплёск колькасьці заражэньняў COVID-19.
У параўнаньні з ЗША эўрапейскія краіны адстаюць у рэалізацыі праграмаў вакцынацыі. Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) паведаміла, што ўсяго 10% насельніцтва Эўропы атрымалі адну дозу вакцыны, і толькі 4% атрымалі дзьве дозы.
Адна з прычын такога адставаньня — залежнасьць Эўразьвязу ад вакцыны AstraZeneca, у многіх краінах паведамляюць пра ўскладненьні пасьля гэтай вакцыны, зьвязаныя са згушчальнасьцю крыві. Нідэрлянды ў пятніцу ўзялі прыклад зь Нямеччыны, якая спыніла выкарыстаньне гэтай вакцыны для людзей маладзей за 60 гадоў.
Выпадкі ўтварэньня тромбаў у сувязі з гэтай вакцынай сустракаюцца вельмі рэдка. Эўрапейскае агенцтва па лекавых сродках заявіла, што вакцына AstraZeneca бясьпечная.
«Мы павінны праяўляць асьцярожнасьць, таму зараз было б разумна націснуць на кнопку паўзы ў якасьці меры засьцярогі», — заявіў міністар здароўя Нідэрляндаў Уга дэ Ёнг.