Пра гэтую і іншыя навіны з «франтоў» сусьветнага змаганьня з пандэміяй каранавірусу паведамляе DW.
- Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), 76% даступных сёньня дозаў для вакцынацыі ад каранавірусу прыпадаюць на 10 краін сьвету. Кіраўнік САЗ Тэдрас Аданом Гебрэесус скрытыкаваў разьмеркаваньне вакцынаў у сьвеце, падкрэсьліўшы, што глябальны крызіс мае патрэбу ў глябальных адказах. «Глябальнае рашэньне пачынаецца з салідарнасьці», — адзначыў ён.
- Віцэ-старшыня Эўракамісіі (ЭК) Маргарыціс Схінас мяркуе, што 70% насельніцтва Эўразьвязу могуць быць прышчэпленыя ад каранавірусу да сярэдзіны ліпеня бягучага году. Паводле яго словаў, «амэрыканцы плянуюць абвясьціць аб дасягненьні імунітэту 4 ліпеня», да Дня незалежнасьці ЗША. «А мы можам зрабіць гэта 14 ліпеня, у вельмі эўрапейскую і выдатную дату — Дзень узяцьця Бастыліі», — прыводзіць словы Схінаса гішпанскае выданьне El Pais.
- У Лёндане за суткі не зафіксавалі ніводнага выпадку сьмерці сярод пацыентаў з COVID-19, у якіх выявілі інфэкцыю на працягу апошніх 28 дзён. Гэта адбылося ўпершыню за апошнія шэсьць месяцаў.
- У краінах Балтыі за мінулыя суткі зарэгістравана 1169 новых выпадкаў COVID-19, гэта мінімальная лічба за ўвесь сакавік. Напярэдадні ў краінах Балтыі было выяўлена 1628 новых выпадкаў каранавірусу, зь якіх 892 былі зафіксаваныя ў Эстоніі, 412 — у Літве і 324 — у Латвіі.
- Ізраільскія навукоўцы выявілі новую мутацыю каранавірусу, якая ўзьнікла на тэрыторыі краіны, як мяркуецца, у канцы восені 2020 году. Апісаньне мутацыі P681H апублікаванае на мэдычным партале medRxiv. Як адзначаецца ў паведамленьні, гэты варыянт каранавірусу не дэманструе больш высокіх паказчыкаў распаўсюду інфэкцыі. Аднак выяўляць новыя мутацыі важна, бо яны могуць перашкодзіць вакцынацыі насельніцтва.
- Кампанія Johnson & Johnson абвясьціла аб заключэньні з Афрыканскім траставым аб’яднаньнем па закупцы вакцын (AVAT) кантракту на пастаўку 220 мільёнаў дозаў вакцыны ад каранавірусу. Як паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на вытворцу, дастаўка прэпаратаў у 55 краінаў Афрыканскага саюзу пачнецца ў трэцім квартале 2021 году.
- Патагенны патэнцыял каранавірусу SARS-CoV-2 яшчэ не рэалізаваны, наступным этапам пандэміі стане заражэньне хатніх і сельскагаспадарчых жывёлаў, заявіў дырэктар расейскага Нацыянальнага дасьледчага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі імя Гамалеі акадэмік РАН Аляксандар Гінцбург. «І калі мы на працягу году абаронім чалавецтва з дапамогай добрых вакцынаў, да гэтага моманту будуць заражаныя хатнія жывёлы, а пазбаўляцца ад любімых гадаванцаў ніхто не зьбіраецца. Таму вакол нас будуць увесь час прысутнічаць крыніцы гэтага ўзбуджальніка, які пры гэтым будзе яшчэ эвалюцыянаваць», — дадаў ён. Таму, на думку дырэктара цэнтру імя Гамалеі, «трэба быць гатовым да доўгага суіснаваньня з гэтым узбуджальнікам».
- Вэтэрынары ў Нямеччыне зьвярнуліся да ўладаў з заклікам задзейнічаць іх клінікі ў прышчэпачнай кампаніі. Спэцыялісты каля 10 тысячаў профільных кабінэтаў могуць за месяц забясьпечыць вакцынай 2 мільёны чалавек, робячы па 50 прышчэпак у тыдзень, заявіў кіраўнік Фэдэральнага абʼяднаньня практыкуючых вэтэрынараў Зігфрыд Модэр. Ён спаслаўся на пасьпяховы вопыт ЗША і падрыхтоўку аналягічнай практыкі ў Францыі.
- Кіраўнік Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура прапанаваў расплаціцца нафтай з магчымымі пастаўшчыкамі вакцын ад COVID-19 у краіну. Да выкарыстаньня ў Вэнэсуэле дапушчаныя расейскі прэпарат «Спутник V», а таксама вакцына ад кітайскай кампаніі Sinopharm. Улады і апазыцыя вядуць з Панамэрыканскай арганізацыяй здароўя перамовы аб атрыманьні краінай вакцын праз ініцыятыву COVAX. Паводле афіцыйных дадзеных, у паўднёваамэрыканскай краіне з 28,5 мільёна жыхароў пацьверджана каля 156 тысяч заражэньняў і паўтары тысячы сьмерцяў сярод хворых на COVID-19, аднак няўрадавыя арганізацыі вельмі скептычна ставяцца да гэтых дадзеных.
- Маштабны выпуск вакцынаў нясе «сьвятло ў канцы тунэля», заявіў эўракамісар па пытаньнях унутранага рынку Т'еры Брэтон. У вытворчасьці лекавых прэпаратаў задзейнічаныя 52 фабрыкі ў Эўропе, працэс ідзе кругласутачна, адзначыў ён. Вытворчыя магутнасьці дазволяць паставіць эўрапейскім дзяржавам 420 мільёнаў дозаў да сярэдзіны ліпеня, каб дасягнуць калектыўнага імунітэту ў ЭЗ, запэўніў Брэтон.