Пракуратура Горадні 26 сакавіка завяла крымінальную справу на кіраўніка прыватнай установы «Цэнтар гарадзкога жыцьця» Паўла Мажэйку і мастака Алеся Пушкіна, а таксама іншых людзей за «учыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі).
Паводле паведамленьня пракуратуры, 19 сакавіка на выставе карцін, якую зладзілі Мажэйка і Пушкін, дэманстравалі партрэт Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства Пушкіна.
Як сьцьвярджае пракуратура, Жыхар у 1946 годзе «ўзначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія цягам 9 гадоў у Пастаўскім раёне забівалі міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асобаў, падпальвалі адміністрацыйныя будынкі і рабілі дывэрсіі на чыгунцы».
Цэнтар гарадзкога жыцьця ў Горадні працуе з 2016 году. Яго стваральнік Павал Мажэйка задумаў яго як грамадзкую пляцоўку для канцэртаў, выставаў, культурніцкіх імпрэзаў, дыскусій і прэзэнтацый. Вельмі хутка пасьля адкрыцьця гэтая ўстанова стала цэнтрам актыўнага творчага жыцьця гарадзенцаў. Паводле апошняй інфармацыі, Мажэйку затрымалі на 72 гадзіны. Алесь Пушкін увечары ў пятніцу меўся вяртацца з Украіны ў Беларусь.
Мастак Алесь Пушкін прыляцеў з Кіева ў Менск увечары 26 сакавіка.
У Кіеве Пушкін прымаў удзел у выставе беларускіх мастакоў «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасьць, супраціў», якая праходзіць у Мастацкім арсэнале, адной з найбуйнейшых культурных пляцовак ва Ўкраіне.
Як даведалася Свабода, перад вылетам з Кіева Алесь Пушкін ведаў, што супраць яго пракуратурай Горадні заведзеная крымінальная справа за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Але ён не разглядаў варыянту заставацца ва Ўкраіне і вярнуўся на радзіму.
Журналістка Hrodna.life Ірына Новік праходзіць сьведкай па справе Мажэйкі і Пушкіна. Позна ўвечары ў яе дома пачаўся ператрус, які цягнуўся да 0:30. Сьледчы і два апэратыўныя работнікі забралі ноўтбук і тэлефон. Ірына на свабодзе, яна дала падпіску пра неразгалошваньне, паведаміў Hrodna.life.