У Кіеве Пушкін прымаў удзел у выставе беларускіх мастакоў «Кожны дзень. Мастацтва, салідарнасьць, супраціў», якая праходзіць у Мастацкім арсэнале, адной з найбуйнейшых культурных пляцовак ва Ўкраіне.
Як даведалася Свабода, перад вылетам з Кіева Алесь Пушкін ведаў, што супраць яго пракуратурай Горадні заведзеная крымінальная справа за «рэабілітацыю і апраўданьне нацызму» (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Але ён не разглядаў варыянту заставацца ва Ўкраіне і вярнуўся на радзіму.
Справа датычыць карціны аўтарства Пушкіна, якая была на выставе ў Горадні. Па гэтай жа справе сёньня ў Горадні быў затрыманы Павал Мажэйка — стваральнік Цэнтру гарадзкога жыцьця, дзе адбылася выстава Алеся Пушкіна.
Паводле паведамленьня пракуратуры, 19 сакавіка на выставе дэманстравалі партрэт Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы аўтарства Пушкіна.
Як сьцьвярджае пракуратура, Жыхар у 1946 годзе «ўзначаліў атрад з былых паліцаяў і іншых здраднікаў, якія цягам 9 гадоў у Пастаўскім раёне забівалі міліцыянтаў, партыйных і дзяржаўных службовых асобаў, падпальвалі адміністрацыйныя будынкі і рабілі дывэрсіі на чыгунцы».