Супраць палітоляга Дзьмітрыя Балкунца распачата крымінальная справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі гаворыцца ў паведамленьні Генэральнай пракуратуры ў пятніцу, піша Інтэрфакс.
«Генэральная пракуратура 26 сакавіка распачала крымінальную справу па ч. 1 арт. 368 КК у дачыненьні да Дзьмітрыя Балкунца за публічную абразу прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у сетцы інтэрнэт», — гаворыцца ў паведамленьні ў тэлеграм-канале ведамства.
Падрабязнасьцяў у паведамленьні Генпракуратуры няма.
Верагодна, як піша Інтэрфакс, крымінальная справа была ўзбуджана пасьля выказваньняў Балкунца ў эфіры блогера BalaganOFF 24 сакавіка.
Свабода запытала Балкунца, ці ведае ён, за якія канкрэтна выказваньні на яго завялі справу.
«У мяне спыталі, ці лічу я Лукашэнку забойцам, тэрарыстам і фашыстам. Я адказаў, што так, лічу. Лукашэнку абвінавачваюць у палітычных забойствах. Ён сам казаў, як па ягоным загадзе забівалі без суду і сьледзтва, казаў пра гэта публічна. Ці тэрарыст ён? Так. Ён тэрарызуе Беларусь. Ён стварыў у Беларусі фашысцкі рэжым. І ён больш не прэзыдэнт, таму я ня мог абразіць прэзыдэнта. Я думаю, што па такім артыкуле ў Беларусі можна ўзбудзіць некалькі мільёнаў крымінальных справаў. Гэта проста спроба заткнуць рот», — кажа Балкунец.
Балкунец дадаў, што ён не баіцца магчымага перасьледу па гэтым артыкуле ў Расеі і гіпатэтычнай перадачы яго Беларусі.
«Лукашэнка атрымае толькі мой труп. Калі будзе перадача, то мяне прывязуць у труне, і хай Лукашэнка яе носіць», — дадаў расейскі палітоляг.
Балкунец — ураджэнец Беларусі, экспэрт расейскага Цэнтру палітаналізу і інфармацыйнай бясьпекі.