26 сакавіка стала вядома, што палітвязень і кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік пачаў знаёміцца з матэрыяламі справы. Пра гэта Свабодзе расказала жонка Ігара Дар’я Лосік, якая адвозіла мужу перадачу ў сьледчую турму Жодзіна.
«З матэрыяламі справы Ігар пачаў знаёміцца сёньня, — сказала Дар’я. — Я дакладна не магу сказаць нічога больш, адвакат даў падпіску аб неразгалошваньні, ён ня можа раскрыць падрабязнасьці. Ня ведаю, як Ігар будзе вывучаць матэрыялы. Ці яму дадуць іх з сабой, ці гэта толькі ў прысутнасьці адваката і сьледчага магчыма. Вядома дакладна толькі тое, што Ігар ужо ад сёньня іх вывучае. Цяжка сказаць, колькі часу гэта зойме, калі магчымы суд. Паедзем да яго на пачатку наступнага тыдня яшчэ».
Паводле працэдуры, матэрыялы справы перададуць у суд толькі пасьля таго, як іх вывучаць абвінавачаны і яго адвакат.
Пакуль вядома толькі тое, што Ігара абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Сярод іх артыкул 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках). Назва трэцяга артыкула абвінавачваньня застаецца невядомай, бо адвакаты палітвязьня далі падпіску аб неразгалошваньні.
За кратамі Ігар Лосік знаходзіцца з 25 чэрвеня 2020 году. Ён двойчы абвяшчаў галадоўкі ў знак пратэсту супраць прад’яўленьня новых абвінавачваньняў. Агулам Ігар адмаўляўся ад ежы 46 дзён.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.