Суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў незалежнага журналіста Зьмітра Казакевіча двума максымальнымі штрафамі за супрацу зь «Белсатам» без акрэдытацыі беларускага Міністэрства замежных спраў, паведаміла БАЖ.
Судзьдзі Андрэй Шыдлоўскі і Вераніка Барысава прызналі журналіста вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ. У прыватнасьці, дзьвюх публікацый, якія ў лютым выйшлі на сайце belsat.eu. Паводле пратаколаў, аўтар напісаў матэрыялы, «злоўжываючы правамі і парушаючы абавязкі журналіста».
Зьміцер Казакевіч расказаў, што адзін з артыкулаў — гэта гісторыя пра звальненьне выкладчыка мэдычнага ўнівэрсытэту, які адбыў трое сутак пад арыштам за белыя і чырвоныя фіранкі ў сваёй кватэры. Другі — пра судовы працэс над жыхаром Віцебску за супраціў міліцыянтам. Зьвесткі пра гэтыя артыкулы знайшлі падчас агляду ноўтбука журналіста, забранага падчас ператрусу.
Зьміцер Казакевіч адмовіўся даваць суду тлумачэньні ў справах. Кажа, што зрабіў гэта на знак салідарнасьці з калегамі:
«Мне нават няёмка сябе бараніць, калі мае каляжанкі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева сядзяць у турме, калі іншых журналістаў трымаюць за кратамі, калі ў краіне амаль 300 палітзьняволеных. Я адмовіўся даваць паказаньні на знак салідарнасьці і павагі да іх».
Журналіст абмежаваўся кароткім зваротам да суду, дзе падкрэсьліў, што ня лічыць сябе вінаватым. І працытаваў урывак з рамана-антыўтопіі Джорджа Оруэла «1984» пра тое, што толькі тады жыцьцё ў краіне можна лічыць нармальным, калі двойчы два — гэта чатыры, і ніхто не імкнецца давесьці, што гэта ня так.
Гэтую кнігу — пераклад рамана з ангельскай на беларускую Сяргея Шупы — Зьміцер спрабаваў падарыць судзьдзю Андрэю Шыдлоўскаму. Але той адмовіўся, патлумачыўшы, што судзьдзям гэта забаронена, і што ён увогуле не чытае па-беларуску.