Сёньня журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова былі асуджаныя на 2 гады калёніі агульнага рэжыму за рэпартаж з акцыі пратэсту.
Наколькі пераканаўчым было абвінавачаньне ў справе Чульцовай і Андрэевай? Якое палітычнае значэньне прысуду ў справе журналістак «Белсату»? Якой рэакцыі Захаду можна чакаць на гэты прысуд?
Гэтыя пытаньні ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць адвакат, сябра Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва і Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк і палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.
Кірылюк
- Гэтую справу не выпадае камэнтаваць зь юрыдычнага пункту гледжаньня, гэта будзе адыходам ад рэальнасьці.
- Калі разглядаць гэтае пытаньне ў парадыгме вайны, тады ўсё робіцца зразумелым.
- Трэба, каб голас аднаго боку ў гэтай вайне замаўчаў — і няважна, які там будзе артыкул, ня думаю, што гэта хвалявала пракурора і судзьдзю.
- Гэта мог быць і іншы артыкул, скажам, хуліганства ці ўхіленьне ад сплаты падаткаў.
- Ня трэба быць юрыстам, каб зразумець, што ў дзеяньнях падсудных не было складу гэтага злачынства.
- Год таму мне такая крымінальная справа ўяўлялася б поўным абсурдам.
- Я ня думаю, што судзьдзі ў такіх справах выносяць прысуды самастойна. У такіх гучных справах, якім быць прысуду, судзьдзю жорстка даводзяць зьверху.
- Мэта падобных прысудаў, як у тэрору, — запалохваньне, каб іншыя журналісты баяліся асьвятляць пратэсты.
- Камізэлька з надпісам «Прэса» цяпер ня толькі не ратуе ад перасьледу — яна гарантуе больш жорсткі перасьлед.
- Звычайнаму пратэстоўцу могуць прысудзіць адміністрацыйны арышт; журналісту, які гэты пратэст асьвятляе, — крымінальны тэрмін.
- Улады пры вызначэньні тэрмінаў пакараньня зыходзяць з разьліку неабходнага эфэкту.
- Крымінальны склад злачынства падбіраецца пад загадзя вызначаны тэрмін зьняволеньня, а ня тэрмін адпавядае ўчыненаму злачынству.
Цыганкоў
- У жніўні было зразумела, што калі тагачасныя пратэсты не прывядуць да зьмены ўлады, то яны скончацца вось такімі крымінальнымі працэсамі.
- Гэта не было сюрпрызам ад гэтай улады.
- У найноўшай гісторыі журналістаў ужо адпраўлялі за краты — Паўла Мажэйку, Міколу Маркевіча, Віктара Івашкевіча, Андрэя Пачобута.
- Іх асудзілі за абразу прэзыдэнта.
- Цяпер журналістаў пасадзілі не за выказваньне меркаваньняў, а за выкананьне сваіх працоўных абавязкаў, за рэпартаж.
- Зьняволеньне журналістаў будзе ўспрынятае на Захадзе асабліва востра.
- Гэты прысуд — вельмі моцны штуршок для таго, каб новыя заходнія санкцыі былі вельмі жорсткімі.
- Беларускія ўлады падымаюць стаўкі ў дужаньні з Захадам: чым мацнейшыя санкцыі вы будзеце ўводзіць, тым больш жорстка мы будзем рэпрэсаваць сваіх грамадзянаў.
- Пасьля 2010 году замарожваньне адносінаў было даволі працяглае, да 2015–2016 гадоў.
- Цяпер рэпрэсіі нашмат больш жорсткія, чым былі пасьля 2010 году. Адпаведна, і ступень непрызнаньня Лукашэнкі з боку Захаду вышэйшая.
- Я не ўяўляю сабе, каб на працягу бліжэйшых гадоў нейкі палітык вырашыў бы сустрэцца з Лукашэнкам, калі той застанецца ва ўладзе.
- Лёгіка — здымайце санкцыі, інакш мы ўзмоцнім рэпрэсіі — можа на гэты раз проста не спрацаваць.