Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША ўхваліў выплату «каранавірусных» $1400 большасьці амэрыканцаў


У Кангрэсе ЗША падчас прыняцьця рашэньня.
У Кангрэсе ЗША падчас прыняцьця рашэньня.

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла пакет захадаў для падтрымкі эканомікі памерам $1,9 трыльёна, які прадугледжвае непасрэдныя выплаты па $1400 большасьці амэрыканцаў.

Адпаведны плян раней прапанаваў прэзыдэнт Джо Байдэн. За праект прагаласавалі толькі дэмакраты, ніводзін рэспубліканец пляну не падтрымаў.

«Важныя навіны: Кангрэс толькі што прыняў амэрыканскі плян выратаваньня — гістарычны заканадаўчы пакет, які перагорне старонку гэтай пандэміі, прынясе прамую дапамогу амэрыканцам і дасьць штуршок нашай эканоміцы», — адзначылі ў Белым доме.

Чакаецца, што грошы будуць накіраваныя на вакцынацыю ад каранавірусу, падтрымку малога бізнэсу, надбаўку беспрацоўным і дапамогу на дзяцей. На беспасярэднія выплаты амэрыканцам выдаткуюць $400 млрд. Акрамя таго, у рамках пляну падтрымкі эканомікі да верасьня падоўжаць выплаты дапамогі па беспрацоўі ў памеры $300 на тыдзень. Па падліках амэрыканскіх СМІ, тую ці іншую дапамогу атрымаюць амаль 90% сем’яў.

Галасаваньне, якое прайшло ў ніжняй палаце Кангрэсу, — апошні этап разгляду дакумэнта. Раней Сэнат ЗША падтрымаў прапанову Байдэна, але ўнёс папраўкі і адправіў на паўторны разгляд у Палату прадстаўнікоў.

Прэзыдэнт ЗША плянуе падпісаць дакумэнт у пятніцу, 12 сакавіка.

Крытыкі прапановы Байдэна называюць прапанаваны бюджэт занадта маштабным і асьцерагаюцца, што частка грошай можа пайсьці на вырашэньне пытаньняў, якія ня маюць дачыненьня да каранавірусу.

  • У сакавіку 2020 году ўлады ЗША выдзелілі на барацьбу з крызісам $1,8 трлн. Тады каля 70 млн амэрыканцаў атрымалі выплаты ў памеры $1200 на дарослага і $500 на дзіця. У сьнежні Кангрэс ЗША зацьвердзіў прамыя выплаты большасьці амэрыканцаў у памеры $600 у рамках пакета захадаў для падтрымкі эканомікі амаль на $900 млрд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG