Зьвесткі аб ТАА «Пандадок» зьявіліся ў спісе кампаній, якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі. Такі сьпіс публікуе часопіс «Юстыцыя Беларусі».
Dev.by зьвярнуўся па камэнтар да заснавальнікаў PandaDoc Мікіты Мікады і Сяргея Барысюка, але пакуль не атрымаў адказу.
У верасьні Мікіта Мікада казаў, што PandaDoc адкрывае офіс ва Ўкраіне. На той момант туды пераехалі 60 супрацоўнікаў кампаніі. На сайце PandaDoc большасьць тэхнічных вакансій адкрытыя ў кіеўскім офісе. У Менску засталася толькі адна вакансія.
Заснавальнікі кампаніі Сяргей Барысюк і Мікіта Мікада летам мінула году стварылі прыватную ініцыятыву дзеля збору грошай для сілавікоў, якія вырашылі зьмяніць прафэсію.
2 верасьня ў мінскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы. 7 з 20 супрацоўнікаў затрымалі для допыту. Цягам двух дзён супрацоўнікі ДФР апыталі больш за 100 работнікаў кампаніі.
4 верасьня стала вядома аб завядзеньні крымінальнай справы паводле часткі 4 артыкулу 210 КК на чатырох супрацоўнікаў кампаніі:
- дырэктара Дзьмітрыя Рабцэвіча;
- мэнэджэра па прадукце Віктара Куўшынава;
- бухгальтаркі Юліі Шардыкі;
- HR Уладзіслава Міхалапа.
Паводле вэрсіі сьледзтва, яны як група асобаў, выкарыстоўваючы службовае становішча, завалодалі грашовымі сродкамі памерам каля 107 тысяч рублёў зь бюджэту.
11 верасьня супрацоўнікам кампаніі было выстаўлена абвінавачаньне, але ўжо паводле іншага артыкулу: не за крадзеж зь бюджэту, а за махлярства (частка 4 артыкулу 209).
Крымінальны перасьлед Мікіта Мікада і Сяргей Барысюк зьвязваюць з праектам дапамогі сілавікам, якія звольніліся. 15 верасьня Мікіта абвясьціў, што прыпыніў праект дапамогі. 23 верасьня стала вядома, што кампанія PandaDoc дамаглася зьняцьця арышту са свайго рахунку. Для гэтага кампанія пералічыла на дэпазыт Сьледчага камітэту 107 тысяч рублёў.
11 кастрычніка дырэктара PandaDoc Дзьмітрыя Рабцэвіча выпусьцілі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт. 13 кастрычніка была зьмененая мера стрыманьня яшчэ дваім фігурантам справы — Юліі Шардыцы і Ўладзіславу Міхалапу. Яны вярнуліся дамоў, а пад вартай застаецца мэнэджар кампаніі Віктар Куўшынаў.