Горадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч напісаў акрыты ліст да старшыні горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Караніка пра Стары замак. Ён мяркуе, што далейшая рэканструкцыя канчаткова зьнішчыць унікальны аб’ект.
Каротка пераказваем зьмест ліста.
- Другая чарга рэканструкцыі Старога замку (а менавіта рэканструкцыя каралеўскага палацу. — РС) у Горадні ставіць пад пагрозу зьнішчэньня ўнікальны для Беларусі гістарычны помнік.
- Праект, на які цяпер абапіраюцца рэканструктары, распрацавалі каля 30 гадоў таму, ён навукова неабгрунтаваны і састарэлы.
- Цяпер невядома дакладна, як выглядаў Стары замак у часы Стэфана Баторыя (канец XVI стагодзьдзя). Паводле плянаў, замак аднаўляюць менавіта на той пэрыяд.
«Тое, што атрымалася ў выніку працаў на першай чарзе рэканструкцыі (якая складалася з рэканструкцыі брамы, сярэдняй вежы, камяніцы пры сярэдняй вежы. — РС), нельга назваць інакш, як казачным замкам, створаным фантазіяй сучасных дойлідаў», — гаворыцца ў адкрытым лісьце.
Так выглядае Стары замак у 2021 годзе.
Каралеўскі палац, які неўзабаве пачнуць аднаўляць, больш складаны за першы этап рэканструкцыі, спалучае ў сабе розныя пэрыяды і асаблівасьці часу. Аднаўленьне яго выключна такім, якім ён мог быць пры Стэфане Баторыі, зьнішчыць яго.
«Нам прапануюць пабудаваць узамен старажытнай камяніцы, дзе кожнае скляпеньне захоўвае памяць пра мінулыя стагодзьдзі, дарагі муляж, пазбаўлены ўсялякага духу гісторыі... Гэта як замена залатога самародка на шкляныя пацеркі», — мяркуе Чарнякевіч.
Трэцяя чарга рэканструкцыі таксама можа нашкодзіць замку. Замест таго, каб ужо цяпер захаваць амаль зруйнаваныя муры, якія надалей марнеюць, пра іх гаворку не вядуць, але мяркуюць дасыпаць частку Замкавай гары.
Гісторык заклікаў неадкладна пераглядзець праект другой чаргі і ўсю канцэпцыю рэканструкцыі Старога замку, абмеркаваць гэтыя пытаньні з удзелам навукоўцаў і грамадзкасьці.
Ён прапанаваў адысьці ад ідэі аднаўленьня на «эпоху Баторыя», а захаваць напластаваньні таксама XVII — XVIII стагодзьдзяў, а ў трэцяй чарзе перадусім заняцца кансэрвацыяй аб’ектаў XII-XVII стагодзьдзяў, у тым ліку Ніжняй і Верхняй цэркваў.
Як пачыналася рэканструкцыя
Гісторыя Старога замка ў Горадні налічвае каля тысячы гадоў. За гэты час яго ня раз перабудоўвалі. Цяперашнюю рэканструкцыю плянавалі цягам 30 гадоў. Аднак пачалі яе толькі ў 2015 годзе, калі ў адной з заляў музэю, які месьціцца ў замку, правалілася падлога.
Замак такі вялікі, што яго аднаўленьне вырашылі разьбіць на тры этапы. Цяпер ідзе першы, які закранае ўязную браму, галерэю, абарончы мур з боку Нёмана, сярэднюю вежу і камяніцу пры ёй.
Горадзенскі замак унікальны для Беларусі. У адрозьненьне ад Мірскага ці Нясьвіскага, ён каралеўскі. Гэта адзіная захаваная каралеўская рэзыдэнцыя часоў Рэчы Паспалітай пасьля кракаўскага Вавэлю. Яна важная з пункту гледжаньня гістарычных падзей і асобаў.
Тут гаспадарылі князь Вітаўт, Стэфан Баторы, дынастыя Вазаў. Праходзіў кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. Замак значны ня толькі для сучаснай Беларусі, але і для Польшчы, і для Літвы.