«Міністэрства замежных справаў рашуча асуджае намеры правесьці акцыю памяці ў гонар так званых „выклятых жаўнераў“ у горадзе Гайнаўка. Пазыцыя па гэтай сьвятой для нас тэме неаднаразова агучвалася і застаецца нязьменнай: праварадыкальныя мерапрыемствы ў месцах кампактнага пражываньня этнічных беларусаў у Польшчы — гэта адкрытая цынічная абраза памяці ахвяраў бандаў „выклятых жаўнераў“, непрыхаваны патураньне гераізацыі нацызму», — сказана ў заяве, якую цытуе Інтэрфакс.
У ёй адзначаецца, што «адзін з так званых герояў, як іх спрабуюць падаць удзельнікі маршаў у Гайнаўцы, а па сутнасьці вайсковы злачынца Рамуальд Райс па мянушцы „Буры“ 75 гадоў таму кіраваў крывавым рэйдам у населеных беларусамі вёсках». «На сумленьні яго і ягоных паплечнікаў — сотні забітых і скалечаных мірных грамадзян, вінаватых толькі ў тым, што яны — беларусы. Некалькі вёсак былі спалены разам з жыхарамі. Учыненыя тады злачынства шакуюць сваёй жорсткасьцю. Такім дзеяньням няма і не можа быць прабачэньня, а тым больш — апраўданьня», — падкрэсьліваецца ў заяве.
«На фоне шматгадовага патураньня польскіх уладаў у дачыненьні да праварадыкальных маршаў у Гайнаўцы асабліва карыкатурна выглядаюць спробы Польшчы апэляваць да захаваньня правоў чалавека ў Беларусі і лябіяваць санкцыйныя меры ў дачыненьні да нашай краіны. У Варшаве так захапіліся спробамі ачарніць суседнюю Беларусь, што не хапае часу заняцца шматлікімі праблемамі з правамі чалавека і судовай сыстэмай у сябе дома, там, дзе сталі штодзённай зьявай рост неанацызму, рэгулярныя праварадыкальныя акцыі і акты вандалізму ў дачыненьні да помнікаў тым, хто вызваляў Эўропу ад «карычневай чумы», — адзначаецца ў заяве МЗС Беларусі.
- У гады Другой сусьветнай вайны Рамуальд Райс (Буры) быў камандзірам злучэньня падпольнай Арміі Краёвай, якая вяла ўзброеную барацьбу з нацысцкімі акупантамі.