У суботу польскія нацыяналісты правядуць шэсьце ў Гайнаўцы ў гонар польскіх антыкамуністычных падпольнікаў. Сярод герояў акцыі зноў будзе адказны за забойствы мірнага беларускага насельніцтва Беласточчыны Рамуальд «Райс» Буры. З пратэстам сураць гераізацыі забойцы беларусаў у Гайнаўку прыедуць сябры грамадзкага руху «Грамадзяне Рэспублікі Польшчы».
У Польшчы пасьляваенных антыкамуністычных падпольнікаў называюць «выклятымі жаўнерамі». Марш у іхны гонар адбываецца ўжо трэці раз. І трэці раз галоўны герой шэсьця — «Буры».
Беларусы Беласточчыны зьбіраюцца ў гэты дзень запальваць у вокнах сьвечкі ў памяць пра ягоных ахвяраў. У гайнаўскім сквэры імя Дзьмітрыя Васілеўскага, каля помніка ахвярам войнаў і рэпрэсіяў, а 12.00 гадзіне група жыхароў гораду зачытае імёны 79 ахвяраў Рамуальда Райса «Бурага».
Узгадвае сьведка злачынства Рамуальда Райса ў Залешанах:
МЗС Беларусі назваў «нагнятаньнем стасункаў» між беларусамі і палякамі марш польскіх нацыяналістаў у Гайнаўцы
Падтрымаць беларусаў зьбіраюцца сябры грамадзкага руху «Obywatele RP» («Грамадзяне Рэспублікі Польшчы»). Яны прыедуць у Гайнаўку з розных гарадоў краіны і зьбіраюцца стаць уздоўж маршруту нацыяналістаў, каб выказаць пратэст супраць гераізацыі «Бурага».
«Мы — з Вамі. З Вамі — большасьць грамадзтва Польшчы. Мы прыяжджаем, каб паказаць, што Вы — не адны. І мы будзем прыяжджаць столькі, колькі Вам будзе пагражаць фашызм. Вы не павінны баяцца», — гаворыцца ў звароце руху да беларускай меншасьці ў Польшчы.
Шэсьце нацыяналістаў павінна адбыцца паміж 15 і 18 гадзінамі паводле менскага часу.