Беларусы на Беласточчыне ў гэтыя дні адзначаюць 70-я ўгодкі крывавага рэйду аддзелу польскага антыкамуністычнага падпольля пад камандаваньнем Рамуальда Райса (псэўданім «Буры»), у выніку якога былі спаленыя пяць вёсак і загінулі 80 чалавек мірнага насельніцтва, у тым ліку дзеці і жанчыны.
Гарадзкая рада ў Бельску 27 студзеня прыняла адмысловую заяву ва ўшанаваньне памяці ахвяраў той трагедыі. Паніхіды па забітых і спаленых у 1946 годзе беларусах адслужаць праваслаўныя сьвятары ў вёсцы Залéшаны і ў горадзе Бельск. На гарадзкіх ваенных могілках у Бельску людзі ўскладуць кветкі каля помніка 30 забітым беларускім фурманам.
Трагічныя падзеі на Беласточчыне на зломе студзеня-лютага 1946 сёньняшнімі гісторыкамі ацэньваюцца адназначна – як злачынства польскага антыкамуністычнага падпольля супраць мірных жыхароў праваслаўных вёсак. Інстытут нацыянальнай памяці – які быў створаны ў посткамуністычны час для дасьледаваньня «злачынстваў супраць польскай нацыі» – зрабіў у 2005 годзе выснову, што расстрэл беларусаў і спаленьне вёсак у 1946 «мелі прыкметы генацыду».
Тым ня менш, нягледзячы на афіцыйную ацэнку дасьледнікаў і гісторыкаў, бітва за інтэрпрэтацыю падзей 70-гадовай даўнасьці ў грамадзкай сьвядомасьці на Беласточчыне працягваецца. З польскага боку – пераважна з нацыяналістычных і шавіністычных груповак – чуваць галасы, што пацыфікацыя беларускіх вёсак аддзелам «Бурага» была помстай беларусам за тое, што яны падтрымлівалі камуністычную ўладу. Беларусы ж са свайго боку называюць жаўнераў «Бурага» бандытамі і забойцамі.
Як выглядаюць голыя факты, якіх ніхто не аспрэчвае?
Крывавым рэйдам супраць беларусаў у студзені-лютым 1946 камандаваў капітан Рамуальд Райс («Буры»), які ў 1944 годзе перайшоў з АКаўцамі зь Віленшчыны на Беласточчыну. Пасьля роспуску Арміі Краёвай «Буры» ўступіў у камуністычнае Войска Польскае, але неўзабаве дэзэртыраваў і пайшоў у антыкамуністычнае падпольле. Ягоны аддзел належаў да падпольнага Нацыянальнага вайсковага задзіночаньня (Narodowe Zjednoczenie Wojskowe), а сам Райс быў кіраўніком «спэцапэрацый» (Pogotowie Akcji Specjalnej) у гэтым фармаваньні.
28 студзеня 1946 «Буры» са сваім аддзелам (у якім было каля 200 чалавек, як былых АКаўцаў зь Віленшчыны, так і мясцовых палякаў) апынуўся каля вёскі Лозіцы. Там ягоны аддзел запыніў абоз фурманак, якім мясцовыя сяляне на загад улады ехалі на нарыхтоўку дроваў для школы. «Буры» адпусьціў фурманоў каталіцкага веравызнаньня, а праваслаўных беларусаў прымусіў перавозіць ягоны аддзел.
29 студзеня аддзел «Бурага» зьдзейсьніў напад на савецкі гарнізон у Гайнаўцы, забіўшы двух савецкіх салдат і ўзяўшы ў палон падпалкоўніка. У гэты дзень аддзел «Бурага» таксама спаліў вёскі Залешаны і Выганоўскую Вольку. У Залешанах жаўнеры «Бурага» забілі 16 чалавек.
31 студзеня аддзел Рамуальда Райса апынуўся ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы. Фурманоў, якія ўмелі перажагнацца па-каталіцку і згаварыць пацер па-польску, «Буры» адпусьціў дадому. А іншых — загадаў забіць. Агулам — 30 чалавек, з 12 вёсак: Краснае Сяло, Збуч, Чыжы, Вялікія Пасечнікі, Ягаднікі, Лозіцы, Махнатае, Залешаны, Ракавічы, Крывая, Арэшкава, Выганоўская Волька.
2 лютага падразьдзяленьні аддзелу «Бурага» спалілі вёскі Занí (забіўшы 24 чалавекі), Шпакí (загінулі 9 чалавек) і Канцавíзну.
Рамуальда Райса камуністы злавілі ў 1948 годзе, судзілі ў Беластоку і павесілі пад канец 1949 году. У судзе «Буры» сваёй віны не прызнаў, звальваючы адказнасьць за спаленыя вёскі і забітых беларускіх сялянаў на свайго намесьніка.
У посткамуністычнай Польшчы Вайсковы суд у Варшаве «Бурага» рэабілітаваў. Нашчадкам Рамуальда Райса польская дзяржава выплаціла кампэнсацыю.
Пракамэнтаваць трагічныя падзеі 1946 году і іхныя наступствы для беларуска-польскіх дачыненьняў на Беласточчыне мы папрасілі гісторыка Алега Латышонка, старшыню Беларускага гістарычнага таварыства і прафэсара ва Ўнівэрсытэце ў Беластоку.
РС: У 1995 годзе Вайсковы суд у Варшаве рэабілітаваў Рамуальда Райса «Бурага» і вырашыў, што ён знаходзіўся ў «абставінах вышэйшай неабходнасьці, якая прымушала яго рабіць дзеяньні не заўсёды адназначныя этычна». А ў 2005 годзе Інстытут нацыянальнай памяці ў выніку праведзенага сьледзтва дайшоў да высновы, што дзеяньні «Бурага» ў студзені-лютым 1946 на Беласточчыне «мелі прыкметы генацыду». У тым самым годзе Акруговы суд у Беластоку заявіў, што забойства цывільных людзей іншага веравызнаньня і нацыянальнасьці, у тым ліку жанчын і дзяцей, нельга нічым апраўдаць, і што дзеяньні «Бурага» – злачынства генацыду. Маем тут прававую калізію ў ацэнцы гістарычных фактаў ці не?
Алег Латышонак: Безумоўна, маем, паколькі маем дзьве розныя ацэнкі адной падзеі. Але тут памылку зрабіў Вайсковы суд, бо ён выдаў прысуд, які супярэчыць польскай канстытуцыі. Канстытуцыя сьцьвярджае, што найвышэйшай каштоўнасьцю ёсьць людзкое жыцьцё, і тут няма ніякага апраўданьня [для рэйду «Бурага»]. Тады [калі Вайсковы суд агучыў свой прысуд] быў іншы час – усё адбывалася на такім пад’ёме, маўляў, цяпер выпраўляем памылкі камуністычнай улады. Тады гэты суд рэабілітаваў пагалоўна ўсіх. Гэта датычыла ня толькі «Бурага», але і іншых падпольшчыкаў, якія таксама мелі шматлікія крымінальныя справы, зьвязаныя ўжо не зь беларусамі, а з палякамі.
РС: На аснове рашэньня Вайсковага суду сям’я «Бурага» і ягоныя нашчадкі атрымалі кампэнсацыю. Чаму прававая ацэнка, якая кажа пра злачынства генацыду ў адносінах да падляскіх беларусаў, не дае нашчадкам і сем’ям забітых, спаленых, параненых і абрабаваных жаўнерамі «Бурага» права на падобную кампэнсацыю ад дзяржавы?
Алег Латышонак: Вось гэтага я ніяк не магу зразумець. Ну бо калі прыняць рашэньне Вайсковага суду, што «Буры» фактычна прадстаўляў польскую армію, дык павінна быць якаясьці кампэнсацыя ад польскай дзяржавы, калі ўжо аказалася, што яе армія зрабіла злачынства. Я тут ня маю ніякага тлумачэньня. На мой погляд, сем’ям памардаваных абсалютна трэба было б даць такую кампэнсацыю.
РС: Можа, праблема тут у тым, што сем’і забітых і папаленых не выступалі на прававую дарогу, каб атрымаць кампэнсацыю?
Алег Латышонак: Наколькі я ведаю, выступалі. Але тут трэба помніць, што ўсе гэтыя працэсы рэабілітацыі і пытаньні вакол іх, як у 1990-я гады, так і па сёньняшні дзень, мелі таксама палітычную афарбоўку. Сем’і і нашчадкі забітых і спаленых людзей у 1946 зьвязвалі сваю надзею на атрыманьне кампэнсацыі выключна з адным палітычным лягерам – посткамуністамі, і гэта была вялікая памылка. Гэта таксама азначала, што такія людзі, якія думалі іначай – напрыклад, такія як я – былі адсунутыя ад гэтай справы. Адсунулі, дарэчы, ня толькі мяне, але і бурмістра Бельска Андрэя Сьцепанюка, які правёў справу перапахаваньня фурманоў на могілках у Бельску. Так што тут мы маем дачыненьне з намнога больш складанай сытуацыяй, чым можа здавацца камусьці звонку.
РС: Наколькі забойствы мірнага беларускага насельніцтва маглі быць, так сказаць, «на руку» тагачасным камуністычным уладам у Польшчы? Паміж Польшчай і СССР была падпісаная дамова аб гэтак званай рэпатрыяцыі, паводле якой праводзіліся перасяленьні – палякаў зь Беларусі ў Польшчу і беларусаў зь Беласточчыны ў Савецкі Саюз. Беларусы ня квапіліся пакідаць Польшчу і ехаць да саветаў. Але пасьля крывавага рэйду «Бурага» ў 1946 перасяленьне зь Беласточчыны актывізавалася. Як з гэтым насамрэч было?
Алег Латышонак: Вось адзінае пытаньне, якое не было дастаткова дасьледаванае гісторыкамі. Такая думка шмат каму прыходзіць у галаву – маўляў, акцыя «Бурага» была на руку камуністычнай уладзе, бо яна прымушала беластоцкіх беларусаў пакінуць сваю зямлю і спрашчала ўсе праблемы на гэтай тэрыторыі для любой улады ў будучыні. Не магу адказаць на гэтае пытаньне, таму што няма адпаведных дасьледаваньняў. Усе дасьледаваньні праводзіліся паводле такой дыхатаміі: з аднаго боку «Буры» або польскае ўзброенае антыкамуністычнае падпольле, з другога – яго ахвяры. А камуністычныя ўлады заставаліся недзе збоку. Як здаецца, камуністычныя ўлады тагачаснай Польшчы мелі дастаткова сілаў, каб не дапусьціць да нечага падобнага [што зрабіў «Буры»]. Але рукі на адсячэньне за тое, што так яно насамрэч было, я ня дам. Мне даводзілася чытаць артыкулы, дзе аўтары сьцьвярджаюць, што ў камуністаў было дастаткова сілаў, каб расправіцца з «Бурым» раней, але яны наўмысна не рэагавалі на тое, што адбывалася. Аднак гэта былі публіцыстычныя артыкулы, а не навуковыя.
РС: У 1990 і 1991 гадах я гаварыў зь людзьмі, ацалелымі з пажараў і расстрэлаў у Занях і Залешанах у 1946. У Занях мне сказалі, што ў іхнай вёсцы жылі чатыры каталіцкія сем’і, і іх «Буры» папярэдзіў, што беларусаў будуць паліць і страляць. Тыя чатыры каталіцкія сем’і потайкам павыносілі рэчы са сваіх хатаў, каб дабро не згарэла, калі б ад палаючых беларускіх хатаў заняліся і іх дамоўкі. І тыя палякі нічога не сказалі беларусам аб нападзе, павыносілі свае рэчы потайкам і чакалі, пакуль «Буры» не пачне паліць і расстрэльваць іхных суседзяў. Як патлумачыць такое? Пытаюся, бо я ня помню, каб у час вайны ці перад вайною быў нейкі востры польска-беларускі ці каталіцка-праваслаўны антаганізм на Беласточчыне.
Алег Латышонак: Мы тады не жылі і ня можам сказаць, як яно было ў кожнай паасобнай вёсцы. Цяпер можна сказаць толькі адно: гэта страшна, што адны суседзі, так сказаць, выдалі на сьмерць іншых, у якіх была іншая нацыянальнасьць і веравызнаньне. Тады не было адкрытых канфліктаў, але такі «маўклівы канфлікт» або «маўклівае непрыняцьцё» адных аднымі было. Тым больш што гэтая тэрыторыя ў час Другой сусьветнай вайны пераходзіла з рук у рукі і ніхто ня ведаў, што чыё будзе. Таму ў палякаў магло быць такое пачуцьцё, што лепш ужо, каб тых беларусаў выгналі, і тады, маўляў, будзе спакойна і зямля будзе наша.
РС: Які ўплыў аказалі гэтыя крывавыя падзеі 1946 году на фармаваньне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці на Беласточчыне ў пазьнейшых гадах, калі польскія камуністы ўвялі беларускамоўнае школьніцтва, дазволілі беларускую арганізацыю – Беларускае грамадзка-культурнае таварыства – і беларускамоўную газэту – «Ніву»? Тыя падзеі схілялі беларусаў да большай згуртаванасьці ці, наадварот, беларусы сталі больш запалоханымі і не хацелі ніякай публічнай беларускасьці?
Алег Латышонак: Трэба сказаць, што беларусы не былі дарэшты ахвярамі, якія толькі чакалі, што будзе, без аніякай сваёй актыўнасьці. Проста ніхто не чакаў ажно такога [як у студзені-лютым 1946]. Але адразу пасьля гэтага арганізавалася беларуская самаахова – ня блытаць з самааховай, якая была падчас вайны пад немцам – гэта была арганізацыя, якая існавала ўсяго, скажам, у межах Бельскага павету. Людзі мелі шмат зброі. Праблема аднак была ў тым, што калі беларуская вёска дала ўзброены адпор польскаму падпольлю, то тады ў вёску прыяжджалі камуністычныя войскі і ўсіх тых беларусаў, у якіх выявілі зброю, арыштоўвалі. Ну бо яны ня мелі права мець зброю. Толькі пасьля падзеяў пачатку 1946 году беларусы сталі папаўняць шэрагі ORMO, значыць, добраахвотніцкага парамілітарнага фармаваньня, арганізаванага камуністамі. Яны рабілі гэта толькі дзеля таго, каб легалізаваць захоўваньне зброі.
Што тычыцца канкрэтна рэйду «Бурага», дык частку беларусаў ён прымусіў уцячы. Але тых, якія засталіся, ён згуртаваў мацней. І ён безумоўна спрыяў таму, што беларусы большую надзею зьвязвалі з камуністычнай Польшчай, чымся з аднаўленьнем даваеннай.
РС: Як на гэтыя падзеі 1946 году глядзяць сёньня палякі – ці існуе тут нейкі адзін погляд і падыход?
Алег Латышонак: Аднаго погляду палякі ня маюць практычна ні на адну справу, таксама і на гэтую – не. Я думаю, што большасьць людзей асуджае гэтыя злачынствы, але ёсьць групоўка нацыяналістаў ці нават шавіністаў, для якіх «Буры» і іншыя такога тыпу людзі – гэта героі. Яны не ўспрымаюць ніякай аргумэнтацыі, ні ад Інстытуту нацыянальнай памяці, ні ад гісторыкаў, ні ад сьведкаў тых падзей. Для гэтых людзей «Буры» і яму падобныя – гэта героі, якія змагаліся толькі з камуністамі, паслугачамі НКВД і гэтак далей.