Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр беларускі сьпявак Яраслаў Еўдакімаў, які ў 2001 годзе падтрымаў апазыцыю і эміграваў

абноўлена

Яраслаў Еўдакімаў, архіўнае фота
Яраслаў Еўдакімаў, архіўнае фота

Памёр народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў, стваральнік хіта «Фантазёр».

На 79-м годзе жыцьця памёр народны артыст Беларусі Яраслаў Еўдакімаў. Пра гэта на яго афіцыйнай старонцы ў Фэйсбуку паведаміла яго ўдава Ірына:

«Сёньня раніцай ня стала Яраслава, нашага каханага Фантазёра! Дзякуй вам, дарагія гледачы, слухачы за любоў да творчасьці вялікага артыста, за ўвагу і аплядысмэнты! Дзякуй, дарагія падпісанты, за добрыя словы і пажаданьні, якія вельмі падтрымлівалі Яраслава, давалі сілы і веру, што прасьпявана шмат прыгожых песень і жыцьцё пражыта не дарма! З павагай і падзякай, Ірына», — напісала ўдава народнага артыста Беларусі.

Сьпявак памёр у Менску, дзе лячыўся ад анкалягічнага захворваньня. Чакаецца, што разьвітаньне з Еўдакімавым пройдзе ў беларускай сталіцы.

Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ў 1946 годзе ва ўкраінскім Роўне ў турме: яго маці была рэпрэсаваная як украінская нацыяналістка, а затым высланая ў расейскі Нарыльск. Дзяцінства Яраслаў правёў у дзеда ў вёсцы Корысьць у Ровенскай вобласьці. Музычную кар'еру пачаў у Днепрапятроўску, сьпяваючы ў рэстаране і паралельна працуючы на заводзе. Там сама пазнаёміўся з другой жонкай, якая была беларускай. Адтуль пачалася сувязь артыста зь Беларусьсю. Пасьля шлюбу пара пераехала ў Менск.

У 1987 годзе Яраслаў Еўдакімаў стаў народным артыстам БССР. Пазьней ён неаднаразова выказваўся супраць Лукашэнкі.

На выбарах 2001 году ў Беларусі ён падтрымаў апазыцыйных кандыдатаў, пасля чаго яму давялося зьехаць у Расею.

У 2023 годзе ў некалькіх гарадах Расеі скасавалі ягоныя канцэрты. Перад гэтым сьпявак, які нарадзіўся ва Ўкраіне, выказаўся супраць вайны і ўсклаў адказнасьць за яе на Ўладзіміра Пуціна і «крамлёўскую гоп-кампанію».

«Украінцы ім гэтага не даруюць», — сказаў ён тады.

Тады ж у Карэліі адмянілі канцэрт Еўдакімава за тое, што ён крытыкаваў Пуціна і вайну на Данбасе ў сваім інтэрвію, у якім ён асуджае акупацыю Крыма і пазытыўна ацэньвае Ўкраіну за выбар «эўрапейскага шляху».

Знакамітыя песьні Яраслава Еўдакімава

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG