Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці Марш нацыяналістаў у Гайнаўцы зьняважыў беларусаў і прапагандаваў фашызм? Ацэнкі разышліся


Рэгіянальная пракуратура ў Беластоку спыніла сьледзтва ў справе сёлетняга маршу ў Гайнаўцы, арганізаванага польскімі нацыяналістычнымі групоўкамі ў памяць Рамуальда Райса «Бурага», адказнага за забойствы мірнага беларускага насельніцтва на Беласточчыне ў 1946 годзе.

Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza, адзначаючышы, што рашэньне аб спыненьні сьледзтва неправамоцнае і апэляцыю супраць гэтага рашэньня падаў амбудсмэн Польшчы Адам Боднар.

Гэтак званы «Трэці марш у памяць выклятых жаўнераў» прайшоў Гайнаўкай 24 лютага. Галоўным героем маршу, якога трэці год запар ушаноўвалі польскія нацыяналісты, быў Рамуальд Райс «Буры», камандзір антыкамуністычнага падпольля, які ў студзені і лютым 1946 году спаліў некалькі вёсак зь праваслаўным беларускім насельніцтвам на Гайнаўшчыне, забіваючы або палячы жыўцом каля сямі дзясяткаў чалавек.

Пасьля маршу амбудсмэн Адам Боднар абвінаваціў яго ўдзельнікаў у публічнай прапагандзе дзяржаўнага фашысцкага ладу і зьнявазе праваслаўнага насельніцтва Гайнаўкі ды падаў фармальную скаргу ў пракуратуру. Боднар зьвярнуў увагу, што ўдзельнікі маршу несьлі сымбалі, якія асацыююцца з прапагандай фашызму і расізму: кельцкія крыжы і «мёртвыя галовы».

Паводле пракурора Караля Радзівановіча зь Беластоку, які кіраваў сьледзтвам у гэтай справе і прыняў рашэньне аб яго спыненьні, «Буры» быў «неадназначнай» постацьцю, якая, нягледзячы на забойствы мірнага насельніцтва, змагалася за незалежнасьць Польшчы. Паводле Радзівановіча, усхваленьне гэтай асобы удзельнікамі маршу ня сьведчыць, што яны ўсхваляюць ягоныя забойствы беларусаў.

Паводле ж Боднара, нацыяналістычныя выкрыкі ў Гайнаўцы, дзе жывуць беларусы, і прэзэнтацыя фашысцкіх сымбаляў мелі адназначна варожы характар ў адносінах да нацыянальнай меншасьці у горадзе. Ягоная апэляцыя будзе разглядацца на гэтым тыдні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG