Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Dana Holdings Limited, зь якой ЗША зьнялі санкцыі, перастала існаваць у чэрвені 2025 году


Бізнэс-цэнтар, пабудаваны кампаніяй Карычаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску
Бізнэс-цэнтар, пабудаваны кампаніяй Карычаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

Паводле суразмоўцаў Свабоды зь ліку юрыстаў і расьследавальнікаў, сувязь паміж ліквідацыяй і выдаленьнем з санкцыйнага сьпісу ЗША можа існаваць, аднак застаецца пытаньне, чаму санкцыі зьнялі і з Нэбайшы Карыча.

21 жніўня ў афіцыйным прэс-рэлізе міністэрства фінансаў ЗША паведаміла пра два блёкі санкцыйных рашэньняў. Адно зь іх пра кампанію Dana Holdings Limited, якую прыбралі з санкцыйнага сьпісу. Таксама там больш няма кампаніі Dana Holdings (Dana Kholdingz) і сэрбскага бізнэсоўца Нэбайшы Карыча. Гэта сын аднаго з сэрбскіх бізнэсоўцаў, якія кантралююць групу кампаніяў «Дана», — Богалюба Карыча. Нэбайша быў адным з акцыянэраў Dana Holdings.

Згодна з базай дэпартамэнту рэгістрацыі кампаніяў і інтэлектуальнай уласнасьці Кіпру, Dana Holdings Limited перастала існаваць сёлета 20 чэрвеня, яна пазначаная як зьліквідаваная / выдаленая з рэестру. Прычына ліквідацыі не называецца.

З гэтым можа быць зьвязана рашэньне міністэрства фінансаў ЗША.

Таксама з рэестру вынікае, што 3 красавіка 2023 году мяняўся сьпіс упанаважаных асобаў кампаніі і іх зьвестак.

Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч (зьлева), прэм'ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў (на пярэднім пляне) і Драгамір Карыч (справа) на сумесным мерыпрыемстве ў Менску ў студзені 2017 году
Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч (зьлева), прэм'ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў (на пярэднім пляне) і Драгамір Карыч (справа) на сумесным мерыпрыемстве ў Менску ў студзені 2017 году

Свабода зьвярнулася да юрыстаў і журналістаў-расьсьледнікаў з пытаньнем, з чым можа быць зьвязанае рашэньне аб зьняцьці санкцыяў і ці ёсьць гэта простым наступствам ліквідацыі кампаніі на Кіпры. Паводле нашых суразмоўцаў, сувязь паміж ліквідацыяй і выдаленьнем з санкцыйнага сьпісу ЗША можа існаваць, аднак застаецца пытаньне, чаму санкцыі зьнялі і з Нэбайшы Карыча.

Свабода накіравала афіцыйны запыт у міністэрства фінансаў ЗША, а таксама сям’і Карычаў. Мы апублікуем адказ пасьля яго атрыманьня.

Dana Holdings і Беларусь

Кампаніі Dana Holdings і Dana Astra — буйныя забудоўнікі нерухомасьці ў Беларусі. За сувязь з Лукашэнкам супраць іх заснавальнікаў і самых кампаніяў 17 сьнежня 2020 году ўвёў санкцыі Эўразьвяз. У жніўні 2021 году супраць кампаніяў Dana Holdings, Dana Astra, Dubai Water Front, Emirates Blue Sky і аднаго зь іх акцыянэраў Нэбайшы Карыча ўвялі санкцыі ЗША.

Эўразьвяз увёў санкцыі супраць Dana Holding і адной з яго даччыных кампаній у сьнежні 2020 года, абвінаваціўшы кампанію ў «атрыманні выгады ад рэжыму» Лукашэнкі і яго падтрымцы. Сям’я Карычаў абвяргае гэтыя абвінавачваньні.

Злучаныя Штаты, Вялікабрытанія і Канада ўвялі новыя гандлёвыя і фінансавыя санкцыі супраць Беларусі 9 жніўня 2021 года, у першую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў, якія падоўжылі шматгадовае кіраванне Лукашэнкі і выклікалі беспрэцэдэнтную хвалю пратэстаў на фоне абвінавачванняў у сфальсіфікацыі галасавання.

Гэтыя кампаніі сэрбскіх бізнэсоўцаў Богалюба і Драгаміра Карычаў пачалі сваю дзейнасьць у Менску з 2000-х гадоў. Тады яны пабудавалі на некалькіх участках панэльныя дамы, якія атрымалі імёны ў гонар кампазытараў «Моцарт», «Бэтховэн», «Шапэн».

З 2008 году гэтая група кампаніяў забудоўвае вялікую тэрыторыю за Нацыянальнай бібліятэкай, комплекс атрымаў назву «Маяк Менску».

З 2014 году яны ж пачалі забудову тэрыторыі вакол былога аэрапорту «Менск-1», зямлю атрымалі паводле указу Лукашэнкі безь непасрэднага аўкцыёну.

Жыльлёвы комплекс "Менск Сьвет", збудаваны кампаніяй Карычаў
Жыльлёвы комплекс "Менск Сьвет", збудаваны кампаніяй Карычаў

У кастрычніку 2022 году Беларускі расьсьледніцкі цэнтар паведамляў, што сэрбскія бізнэсоўцы вывелі на Кіпр зь Беларусі 170 мільёнаў эўра, а таксама памянялі канчатковага ўладальніка Dana Holdings, якім стаў блізкі сябар іхнае сям’і бізнэсовец Наґіп Бэглулі. А за два тыдні да ўводу санкцыяў Dana Holdings прадала кіпрыёцкія фірмы эмірацкай кампаніі Enterprise Developments Holding за 700 мільёнаў эўра.

У сьнежні 2023 году Лукашэнка публічна адрэагаваў на скаргі пакупнікоў нерухомасьці ад «Дана Астра». А ў лістападзе мінулага году стала вядома аб затрыманьні кіраўніцтва «Дана Астра» ў Беларусі.

У Беларусі кампанія «Дана Холдынгз» пазначана ў картатэцы як дзейная, таксама як і «Дана Астра».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG