Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі акцыянэр даў «Белгазпрамбанку», якім кіраваў палітвязень Бабарыка, 60 млн эўра крэдыту


Офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску
Офіс «Белгазпрамбанку» ў Менску

Дзякуючы расейскім акцыянэрам «Белгазпрамбанк» спадзяецца аказваць крэдытную падтрымку кліентам.

«Белгазпрамбанк» і «Газпромбанк» падпісалі пагадненьне аб адкрыцьці беларускаму банку доўгатэрміновай крэдытнай лініі лімітам 60 млн эўра, паведамляе прэс-служба «Белгазпрамбанку».

Сродкі накіруюць на «фінансавую падтрымку і разьвіцьцё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Беларусі».

У беларускім банку, які па-ранейшаму належыць расейскім акцыянэрам, заявілі, што крэдытная лінія «дазволіць аказваць крэдытную падтрымку на прывабных умовах».

Старшынёй праўленьня ў банку ад 15 студзеня зьяўляецца блізкая да Лукашэнкі чыноўніца Надзея Ермакова, раней яна ўзначальвала часовую адміністрацыю банку, якую 15 чэрвеня ўвёў Нацбанк Беларусі. Адбылося гэта пасьля таго, як Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю распачаў крымінальныя справы ў дачыненьні шэрагу супрацоўнікаў, у тым ліку членаў праўленьня.

У канцы 2020 году фінансавае агенцтва Fitch выключыла рэйтынгі «Белгазпрамбанку» са сьпісу на перагляд з магчымасьцю паніжэньня. Гэта адбылося пасьля спыненьня працы часовай адміністрацыі ад 11 сьнежня.

«Белгазпрамбанк» дзейнічае з 1990 году. Па выніках 2019 па памеры актываў, уласнага і статутнага капіталаў ён займаў 3-е месца сярод 24 беларускіх банкаў, саступаючы толькі двум найбуйнейшым дзяржаўным.

«Справа Белгазпрамбанку»

У «справе Белгазпрамбанку» праходзяць восем фігурантаў, сярод якіх топ-мэнэджары банку. Віктар Бабарыка абвінавачваецца ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, паводле арт. 235, ч. 2 Крымінальнага кодэксу, і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры паводле арт. 430, ч. 3 (прадугледжана пакараньне ад 5 да 15 гадоў).

Топ-мэнэджары банку Аляксей Задойка, Кірыл Бадзей, Сяргей Шабан, Дзьмітрый Кузьміч, Аляксандар Ільясюк, Сяргей Дабралёт абвінавачваюцца ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Віктар Кабяк, заснавальнік кампаніі «Актыўлізінг», абвінавачваецца ў даваньні хабару паўторна або ў буйным памеры.

З Бадзеем, Дабралётам, Кузьмічом, Ільясюком, Шабаном, Кабяком заключаны дасудовыя пагадненьні аб супрацоўніцтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG