Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Дзень памяці Алаізы Пашкевіч (Цёткі)


Алаіза Пашкевіч
Алаіза Пашкевіч

Падзеі 17 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

17 лютага 1916 году памерла Алаіза Пашкевіч (Цётка) — беларуская паэтка, адна са стваральніц Беларускай сацыялістычнай Грамады.

У беларускай літаратуры няма Дзядзькі, а вось Цётка — ёсьць.

Гэта яшчэ раз па-свойму падкрэсьлівае выбітную ролю нашых жанчын у лёсе Бацькаўшчыны ад часоў Полацкага княства.

Алаіза Пашкевіч, якая ўзяла сабе такі цёплы псэўданім, безумоўна, застанецца ў гісторыі самай знакамітай і яркай дзяячкаю нацыянальнага Адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя.

Яна пачала пісаць пад уплывам Францішка Багушэвіча і пазьней, у прадмове да сваёй «Скрыпкі...», згадвала аўтара «Дудкі беларускай» зь незвычайнай цеплынёю: «Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсьць і слава тваему слову! А ты, „дудка“, грай і мне голас дай...»

У пражытыя ёю сорак гадоў зьмясьцілася б, здаецца, некалькі доўгіх жыцьцяў. Яна стварала з аднадумцамі Беларускую Сацыялістычную Грамаду.

Бліскуча выступала на мітынгах і сходах, а сваю віленскую кватэру зрабіла месцам сустрэчаў беларускіх інтэлектуалаў.

Фэльчарка й сястра міласэрнасьці, Алаіза трымала ў сутарэньнях лякарні шапірограф, на якім у 1905-м быў памножаны ейны верш «Вера беларуса»:

Веру, братцы, ў нашу сілу,

Веру ў волі нашай гарт:

Чую агонь у нас — ня брыну,

Бачу, братцы, мы ня з карт,

Мы ня з гіпсу, мы — з каменьня,

Мы — з жалеза, мы — са сталі,

Нас кавалі у пламеньні,

Каб мацнейшыя мы сталі...

Шэсьць гадоў палітычнай эміграцыі яна скарыстала на вывучэньне філязофіі, гісторыі й філялёгіі ў Львоўскім і Кракаўскім унівэрсытэтах.

Тамсама, у Аўстра-Вугоршчыне, у Жоўкве пад Львовам, выдала два зборнікі — «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», якія сталі клясыкай.

Яна вандравала па Італіі, Нямеччыне, Фінляндыі й Швэцыі. Была аўтаркаю «Нашай Долі» і «Нашай Нівы» й акторкаю ў беларускай трупе Буйніцкага.

Засноўвала падпольныя беларускія школкі і першы беларускі часопіс для дзяцей і падлеткаў «Лучынка».

Яе душа бясконца прагнула вышыні й свабоды.

Арлы-брацьці, дайце

скрыдлы,

Бо унізе жыць мне

збрыдла,

Кіньце кожны адно

пёрка,

Бо жыць ўнізе стала

горка...

Арлы ці анёлы скінулі ёй пёркі ў 1916-м, калі Цётка, лекуючы землякоў ад тыфу, не ўратавалася сама.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне , с. 108–109

Таксама ў гэты дзень

1810 — Абхазія ўвайшла ў склад Расейскай імпэрыі.

1947 — радыёстанцыя «Голас Амэрыкі» пачала вяшчаньне на расейскай мове на СССР.

Савецкая карыкатура на "Голас Амэрыкі"
Савецкая карыкатура на "Голас Амэрыкі"

1954 — Крым стаў часткай Украінскай ССР.

1979 — пачатак кітайска-віетнамскай вайны.

2008 — Косава абвясьціла незалежнасьць ад Сэрбіі.

2017 — пачатак «антыдармаедзкіх» пратэстаў у Беларусі, у Менску адбыўся «Марш абураных беларусаў» супраць прэзыдэнцкага дэкрэту № 3 аб «дармаедах».

Марш абураных беларусаў, Менск, 17 лютага 2017
Марш абураных беларусаў, Менск, 17 лютага 2017

У гэты дзень нарадзіліся

1806 — Канстанцін Тышкевіч, беларускі археоляг.

1837 — Канстанцін Ельскі, біёляг, географ, геоляг і падарожнік.

1928 — Уладзімер Дамашэвіч, пісьменьнік, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пачатку ХХІ стагодзьдзя.

У памяці

440 — Мэсроп Маштоц, армянскі навуковец-манах, асьветнік, стваральнік армянскага альфабэту.

1600 — Джардана Бруна, італьянскі філёзаф і навуковец, спалены ў Рыме.

1673 — Мальер (Жан Батыст Паклен), францускі драматург, актор.

1856 — Гайнрых Гайнэ, нямецкі паэт, публіцыст і літаратурны крытык.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG