Беларускі рэстаратар Уладзіслаў Луневіч пасьля ціску дзяржаўных органаў у выглядзе праверак і штрафаў прадаў сваю долю ў бізнэсе і ў лістападзе 2020 году пакінуў Беларусь. Ён расказаў парталу «Про бизнес», як цяпер працуе ў Кіеве.
Раней Луневічу належалі рэстаран сучаснай беларускай кухні Simple, кавярні ENZO, Let it be, ДЭПО і «Лаўка», а таксама піцэрыя Underdog. Цяпер усе яны працуюць пад новымі назвамі і маюць іншых уладальнікаў.
Згадаў, як два тыдні запар бегаў па дзяржаўных інстанцыях, калі ягоны партнэр ляжаў у шпіталі з каранавірусам. У выніку ўсьвядоміў, што рэстаранам і кафэ не дадуць працаваць нармальна, пакуль імі кіруе ён. І таму «прадаў долю блізкаму чалавеку».
Па словах Луневіча, іншых варыянтаў не было, і ён «адчуў сябе лішнім для краіны». Пры гэтым прадпрымальнік часта тэлефануе ў Менск, каб даведацца, як ідуць справы, хоць «дыстанцыйнае кансультаваньне забірае шмат часу».
Рэстаратар ужо сустрэў у Кіеве багата беларусаў, шмат хто зьехаў яшчэ ў жніўні. На дадзены момант ён ацэньвае сэрвіс і інтэр’еры рэстаранаў, дапамагаючы мясцовым спэцыялістам паляпшаць абслугоўваньне і атмасфэру. Знайшоў Луневіч цікавае для сябе і ў Адэсе.
Пры гэтым беларускі рэстаратар бачыць ва ўкраінскім бізнэсе недахопы, у прыватнасьці, там няма «беларускай сыстэмнасьці». Разам зь вядомым менскім бармэнам Васілём Сапунковым плянуе адкрыць кактэйль-бар — такія ўстановы нетыповыя для ўкраінскай сталіцы.
Адкрываць жа нешта ў Менску зараз Луневіч лічыць «рызыкоўнай інвэстыцыяй».
«Мне асабіста складана ня толькі грошы, а і эмоцыі ўкладаць у Менск. Бо яны могуць у любы момант паляцець у чорную дзірку. Я зразумеў па першым часе пасьля свайго ад’езду, што ў мяне вельмі нестабільная нэрвовая сыстэма, і яна можа ня вытрымаць такіх узрушэньняў».
І ўсё ж Уладзіслаў Луневіч плянуе часам прылятаць у Беларусь дзеля сустрэч з роднымі і блізкімі. А пакуль адзначае, што зь Менску «сыходзяць знакавыя гарадзкія праекты, у СІЗА і турмы трапляюць людзі», у тым ліку яго блізкая сяброўка.
«Бяда аб’ядноўвае. У Менску ў рэстаратараў ніколі не было сваёй супольнасьці, некаторыя нават адкрыта пагарджалі адзін адным. Але гэтая гісторыя з праверкамі нас аб’яднала».