Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце 100 мільёнаў выпадкаў заражэньня COVID-19


Вытворцы вакцын зрываюць тэрміны паставак.

Колькасьць тых, хто заразіліся COVID-19 у сьвеце, ушчыльную наблізілася да 100 мільёнў. Больш за ўсё інфікаваных у ЗША — 26 мільёнаў. Ахвярамі пандэміі ў сьвеце сталі 2 мільёны 152 тысячы чалавек, 72 мільёны перахварэлі і ачунялі, 110 тысяч — у крытычным і цяжкім стане.

Старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрсула фон дэр Ляен, выступаючы на Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе, які ў гэтым годзе праходзіць у рэжыме онлайн, заклікала вытворцаў вакцын, якія падпісалі кантракты з ЭЗ, выканаць свае абавязацельствы, паведаміла «Нямецкая хваля». Эўропа ўнесла шматмільярдныя сумы на распрацоўку прэпаратаў ад SARS-CoV-2, «і цяпер кампаніі павінны выканаць свае абавязальніцтвы і паставіць вакцыны», заявіла кіраўнік Эўракамісіі. Па словах Уршулі фон дэр Ляен, Брусэль мае намер стварыць мэханізм кантролю экспарту вакцын за межы ЭЗ.

У Эўропе занепакоеныя магчымымі цяжкасьцямі ў правядзеньні вакцынацыі насельніцтва. Як паведамляе ВВС, кампаніі AstraZeneca і Pfizer-BioNTech раней апавясьцілі пра немагчымасьць паставак вакцынаў у прадугледжаных раней колькасьцях.

Эўрапейскі зьвяз папярэдзіў пра верагоднасьць абмежаваньня экспарту вакцынаў, якія вырабляюцца ў краінах ЭЗ, — пасьля таго як міністар аховы здароўя Нямеччыны запатрабаваў «справядлівага разьмеркаваньня».
Улады Вялікабрытаніі перасьцераглі ад «вакцынавага нацыяналізму», які, як лічаць у Лёндане, можа перашкодзіць посьпеху супрацьэпідэмічных мер.

Вакцына AstraZeneca вырабляецца ў асноўным у Вялікабрытаніі. У той жа час брытанскія пастаўкі вакцыны Pfizer-BioNTech ажыцьцяўляюцца з прадпрыемства, што знаходзіцца ў Бэльгіі.

Пастаўкі вакцыны ў апошні час набылі крытычнае значэньне для ўтаймаваньня высокіх узроўняў інфікаваньня ў эўрапейскіх краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG