Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўніца ў Чачэрску адмаўляе, што стукнула галавой аб парту вучня, які трапіў у шпіталь


Заняткі ў школе №2 Чачэрску
Заняткі ў школе №2 Чачэрску

Як паведамляла Свабода, 18 студзеня ў раённую лякарню трапіў вучань 6-й клясы школы № 2 Чачэрску Арцём.

У РУУС прыйшло паведамленьне са шпіталю, што хлопчык паступіў з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Паводле хлопчыка, настаўніца выцяла яго галавой аб парту.

Далейшае разьвіцьцё падзеяў апісаў партал TUT.BY са спасылкай на тэлеканал «Гомель».

Бацька хлопчыка Мікалай адзначыў, што заявы ў міліцыю не пісаў. Тлумачыў, што ня хоча падстаўляць адміністрацыю школы, але і за сына хвалюецца:

— Я цяпер на эмоцыях, чытаю, што пішуць. Ужо пайшла такая хваля, хочуць сына вінаватым зрабіць. Але я ведаю, што ён не вінаваты, нават міліцыя гэта ведае, і што ўдар быў.

Тэлерадыёкампанія «Гомель» апублікавала вэрсію настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Веры Кананковай, на ўроку якой і адбыўся інцыдэнт.

— Дзіця, пра якога ідзе гаворка, трошкі парушала дысцыпліну, я зрабіла яму заўвагу, ён не рэагаваў. Потым я падышла і павярнула яго галаву ў бок сшытку. Вырываючыся з маіх рук, ён павярнуўся і стукнуўся аб парту.

Далей даюць слова бацьку школьніка:

— Сын прыйшоў са школы, сказаў, што баліць галава, я павёў яго ў лякарню. Нас забралі ў прыёмны пакой і паставілі дыягназ — ЧМТ. Можна было ўрэгуляваць (канфлікт) у межах раёну, ня трэба было выносіць. Да адміністрацыі школы наогул ніякіх прэтэнзій ня маю.

У сюжэце дзяржтэлеканалу адзначаецца, што заняткі ў школе на наступны дзень працягнуліся ў звычайным рэжыме. Вера Кананкова працягвае весьці ўрокі. Яна таксама клясная кіраўніца ў клясе Арцёма. Стаж пэдагога складае больш за 25 гадоў,

— Я вельмі засмучаная, што на маім уроку адбыўся гэты інцыдэнт і дзіця атрымала траўму. Вядома, як бы там ні было, я адчуваю сваю віну. Мы зрабілі высновы. Упэўненая, што гэтая сытуацыя ніяк не паўплывае на нашу далейшую працу. Сям’я Арцёма дружная, мы заўсёды шчыльна ўзаемадзейнічалі зь яго бацькамі, і думаю, з гэтай сытуацыяй мы справімся.

Раней паведамлялася, што па гэтым факце прызначана судова-мэдычная экспэртыза, вядзецца праверка. У сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу падкрэсьліваецца, што канфлікт вычарпаны — у бакоў няма прэтэнзіяў адно да аднаго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG