«Я, Джозэф Робінэт Байдэн малодшы, урачыста клянуся, што буду добрасумленна выконваць абавязкі прэзыдэнта Злучаных Штатаў і ў поўную меру маіх сіл буду падтрымліваць, ахоўваць і абараняць Канстытуцыю Злучаных Штатаў. І хай дапаможа мне Бог», — сказаў ён словы прысягі.
Перад гэтым прысягу прыняла Камала Гарыс, якая афіцыйна стала віцэ-прэзыдэнткай.
У інаўгурацыйнай прамове Байдэн адзначыў: «Нам шмат трэба зрабіць, шмат аднавіць, пабудаваць. Ня так часта ў нашай гісторыі былі такія складаныя пэрыяды, як цяперашні», але «мара аб справядлівасьці для ўсіх — збудзецца».
Байдэн заявіў, што зь ягоным абраньнем дэмакратыя перамагла, і паабяцаў адолець расізм.
«Гэта дзень надзеі, – падкрэсьліў Байдэн у 20-хвіліннай прамове. — Мы сёньня сьвяткуем не чыюсьці перамогу, а перамогу дэмакратыі. Дэмакратыя крохкая, але ў выніку перамагла. Гэта вялікая нацыя, вялікія людзі. Нам шмат яшчэ трэба зрабіць. Шмат што трэба аднавіць і вылечыць, шмат чаго трэба дамагчыся».
Гімн ЗША на цырымоніі інаўгурацыі выканала Лэдзі Гага.
Байдэн зрабіў акцэнт на тым, што ў выніку адбыўся «мірны пераход улады». Ён падзякаваў «ад самых глыбінь свайго сэрца» прадстаўнікам абедзьвюх палітычных партый, якія прысутнічаюць на яго інаўгурацыі.
Ён заклікаў амэрыканцаў да адзінства і падкрэсьліў, што «ўнутраны тэрарызм і белы супрэматызм будуць пераможаныя», гэтаксама як беззаконьне і нянавісьць. Ён асобна заклікаў «ня верыць хлусьні, якая распаўсюджваецца дзеля грошай».
«Грамадзянская вайна, Вялікая дэпрэсія, 11 верасьня — ва ўсе гэтыя моманты людзі аб'ядноўваліся. Мы можам успрымаць адзін аднаго як суседзяў. Можам перастаць крычаць адзін на аднаго, абʼяднацца, — падкрэсьліў ён. — Тое ж самае мы можам зрабіць сёньня. Адзінства — гэта тое, як мы можам зрабіць крок наперад. Мы ніколі не прайгравалі, калі дзейнічалі разам. Давайце зноў станем слухаць адзін аднаго. Бачыць адзін аднаго, паважаць меркаваньне адзін аднаго. Рознагалосьсі не павінны быць падставай для вайны!»
«Давайце скончым гэтую нецывілізаваную вайну. Мы можам гэта зрабіць, калі адкрыем адзін аднаму сэрца і выявім трохі талерантнасьці», — падкрэсьліў Байдэн.
Ён узгадаў пра сытуацыю з каранавірусам і заклікаў усіх амэрыканцаў ушанаваць памяць тых, хто памёр у пандэмію, хвілінай маўчаньня.
На цырымоніі інаўгурацыі традыцыйна прысутнічаюць былыя прэзыдэнты ЗША. Аднак Дональд Трамп адмовіўся прызнаць перамогу кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Байдэна ў прэзыдэнцкіх выбарах ЗША, якія адбыліся 3 лістапада. Ён таксама адмовіўся прысутнічаць на інаўгурацыі свайго пераемніка ў Белым доме: раніцай 20 студзеня Трамп паляцеў у Флорыду ў свой маёнтак. Замест яго на цырымоніі прысутнічалі віцэ-прэзыдэнт пры Трампу Майк Пэнс, а таксама некалькі былых прэзыдэнтаў: Біл Клінтан з жонкай Гілары, Барак Абама з жонкай Мішэль і дочкамі і Джордж Буш-малодшы з жонкай Лорай. На цырымоніі таксама прысутнічае сын Байдэна Гантэр.