Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белстат зафіксаваў пагаршэньне вынікаў працы ў апрацоўчай прамысловасьці


Завод МАЗ у Менску. Архіўнае фота
Завод МАЗ у Менску. Архіўнае фота

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў вынікі працы эканомікі Беларусі за тры кварталы 2025 году.

Паводле «Белстату», па выніках трох кварталаў падзеньне ў апрацоўчай прамысловасьці ў параўнаньні з трыма кварталамі мінулага года склала 3%.

Нарастаюць таксама запасы на складах. Калі на 1 кастрычніка мінулага года на складах захоўвалася 61,7% месячнага аб’ёма вытворчасьці прадукцыі, то ў гэтым годзе — 80,1%, а на складах прадпрыемстваў Менска — 119,1%. Гэта значна перавышае прынятыя ў гэтай галіне нарматывы.

Расьце колькасьць стратных прадпрыемстваў. Калі ў студзені-жніўні 2024 года іх было 409, то за такі ж пэрыяд гэтага года — 489. Праўда, сума стратаў на кожнае прадпрыемства зьнізілася. Годам раней кожнае прадпрыемства было вінаватае 6,7 мільёна рублёў, у гэтым годзе — 4,4 мільёна.

Дакладнай статыстыкі ў канкрэтных галінах прамысловасьці Белстат ужо некалькі гадоў не падае. Затое паведамляе, што аб’ём грузаабароту за студзень–верасень 2025 году склаў 96,6%, а гуртовага гандлю — 93,6% ад такога ж пэрыяду мінулага году.

Гэтыя паказьнікі сьведчаць пра сыстэмныя праблемы ў апрацоўчай прамысловасьці — яе прадукцыя не прадаецца і не вывозіцца на ранейшым узроўні. Прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП), які за 9 месяцаў склаў 1,6%, падтрымлівае толькі спажываньне саміх беларусаў. Як паведамляе Белстат, аб'ём раздробнага тавараабароту вырас на 8,2%, грамадзкага харчаваньня на 5,6%, пасажыраабароту на 6,5%.

16 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка прызнаў правал трох зь пяці плянавых паказьнікаў у эканоміцы Беларусі: прырост ВУП, аб’ем экспарту, узровень інфляцыі. Сярод прычынаў ён назваў эканамічны спад у «асноўнага партнэра» Беларусі — Расеі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG