Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армэнія дазволіла выезд беларусцы, унесенай у міжнародны вышук па палітычных матывах


Ерэван, архіўнае фота
Ерэван, архіўнае фота

Жанчына ўжо прыбыла ў Эўрапейскі зьвяз і ўзьядналася зь сям'ёю.

Армэнія дазволіла выезд са сваёй тэрыторыі грамадзянцы Беларусі, якая знаходзілася на запыт беларускіх уладаў у міжнародным вышуку па палітычных матывах.

Пра гэта паведаміла прэс-служба намесьніка кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінэта і кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Паўла Латушкі.

У 2020 годзе Натальля (імя зьменена з меркаваньняў бясьпекі) ўдзельнічала ў мірных пратэстах і ўваходзіла ў кіраўніцтва аднаго з чатаў, дзе беларусы абмяркоўвалі сытуацыю ў краіне. Яе затрымлівалі па палітычных артыкулах, і пасьля допыту яна была вымушана пакінуць Беларусь.

У 2025 годзе, падчас падарожжа, калі Натальля прызямлілася ў Армэніі, ёй паведамілі, што яна ня можа пакінуць краіну, бо знаходзіцца ў міжнародным вышуку на запыт беларускіх уладаў.

У падтрымку Натальлі выступілі Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, намесьнік кіраўніцы АПК, кіраўнік НАУ Павал Латушка, «Вясна», фонды BySol і ByHelp, адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна, а таксама прававая камісія Каардынацыйнай Рады. Юрыдычную падтрымку ў Армэніі аказвала арганізацыя «Грамадзкі вэрдыкт».

У выніку пасьля разгляду справы Пракуратура Армэніі выдала афіцыйны дазвол на выезд грамадзянкі Беларусі. Беларуска ўжо прыбыла ў Эўрапейскі зьвяз.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG