«Настоящее время» вядзе жывую трансьляцыю цырымоніі інаўгурацыі. Пачатак у 19:00 паводле менскага часу.
Прэзыдэнту ад дэмакратычнай партыі Джо Байдэну 78 гадоў, пяцьдзясят зь іх ён правёў у амэрыканскай палітыцы. Ён стане самым пажылым прэзыдэнтам у гісторыі ЗША на момант уступленьня на пасаду і прыходзіць да ўлады на тле глыбокага палітычнага крызісу: яго папярэднік Дональд Трамп упершыню ў гісторыі краіны адмовіўся прызнаць перамогу свайго суперніка.
Трамп неаднаразова заяўляў аб маштабным махлярстве на выбарах, не падаючы якіх-небудзь доказаў. Каманда юрыстаў Трампа і яго прыхільнікі падалі каля 60 судовых пазоваў, патрабуючы пералічыць галасы ў некалькіх штатах, але амаль усе яны былі адхіленыя судамі. Прадстаўнікі выбарчай камісіі і Міністэрства юстыцыі заявілі, што словы Трампа ня маюць пад сабой глебы.
На мітынгу ў Вашынгтоне 6 студзеня Трамп зноў заявіў, што «выбары былі скрадзеныя». Пасьля яго выступу некалькі сотняў прыхільнікаў Трампа ўварваліся ў будынак Капітолія падчас сумеснага пасяджэньня абедзьвюх палат Кангрэсу, на якім павінны былі зацьвердзіць вынікі выбараў. Заканадаўцаў тэрмінова эвакуіравалі з будынка. Падчас штурму Капітолія загінула адна прыхільніца Трампа, усяго паведамлялася пра пяцёх загінулых 6 студзеня, адзін зь іх — паліцэйскі. Празь некалькі гадзін пасьля захопу будынка Кангрэс канчаткова пацьвердзіў перамогу Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах ЗША.
У сувязі з тым, што адбылося на пазачарговым пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў ЗША, 13 студзеня было вырашана абвясьціць імпічмэнт Дональду Трампу за «падбухторваньне да паўстаньня», нягледзячы на тое, што фармальна яго паўнамоцтвы мінаюць ужо 20 студзеня. Цяпер імпічмэнт павінен большасьцю пацьвердзіць Сэнат. Такім чынам праціўнікі Трампа хочуць пазбавіць яго магчымасьці балятавацца на выбары ў 2024 годзе. Трампу ўжо спрабавалі аб’явіць імпічмэнт у 2019 годзе (Палата прадстаўнікоў прагаласавала за), але рашэньне не прайшло празь Сэнат.
Аднак апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што Трамп захоўвае папулярнасьць сярод значнай часткі шараговых прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі.
Тэрыторыя вакол Капітолія акружаная плотам і загародай. Улады закрылі Нацыянальную алею, дарогі і станцыі мэтро ў цэнтры Вашынгтону, а таксама масты ў горад са штату Вірджынія.
Прысягу прымае таксама абраная віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс, былая сэнатарка ад штату Каліфорнія. Яна — першая жанчына ў гісторыі ЗША на пасадзе віцэ-прэзыдэнта.