Пра гэта яно паведаміла ў сваім афіцыйным тэлеграм-канале. Аднак магчымасьці прышчапіцца ў мэдыкаў пакуль няма — вакцыну не давезьлі да паліклінік.
У Менскім гарадзкім цэнтры вакцынапрафіляктыкі паведамілі, што 18 студзеня вакцына паступае з рэспубліканскага сховішча ў месцы, вызначаныя для яе захоўваньня.
«З гэтага цэнтралізаванага сховішча 19 студзеня вакцына будзе развозіцца па раёнах. Аўторак будзе, так бы мовіць, „развозным днём“. Могуць быць тэхнічныя збоі, таму лепш у сераду-чацьвер яшчэ ўдакладніць, ці пачалася вакцынацыя», — паведамілі ў сталічным цэнтры вакцынапрафіляктыкі.
У Менску для вакцынацыі вызначылі па адной-дзьве паліклінікі на раён
Расейскую вакцыну «Спутник V» неабходна захоўваць пры тэмпэратуры мінус 20 градусаў, павінен вытрымлівацца так званы «холадавы ланцуг». Таму вызначана пакуль ня так шмат месцаў, дзе можна будзе прышчапіцца мэдыкам. У сталіцы, да прыкладу, мэдыкам зь Першамайскага раёну можна будзе прышчапіцца толькі ў паліклініцы № 28, што ў мікрараёне Ўручча. У Фрунзэнскім і Заводзкім раёнах вызначылі па дзьве паліклінікі.
У 28-й паліклініцы, якая вызначана як адзіная базавая на ўвесь Першамайскі раён сталіцы, паведамілі, што прышчапляць мэдыкаў пачнуць праз два-тры дні. Для правядзеньня вакцынацыі мэдычны работнік павінен мець накіраваньне са сваёй паліклінікі па месцы жыхарства альбо рэгістрацыі.
Ці хопіць вакцыны на ўсіх мэдыкаў?
Летась Беларусь заключыла першапачатковы кантракт на пастаўку 170 тысяч дозаў вакцыны «Спутник V», паведаміў міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч 17 студзеня ў эфіры СТВ.
У 2020 годзе атрымалі некалькі невялікіх партый для экспэрымэнтальнага ўвядзеньня. Перад самым Новым годам прыйшла партыя ў 20 тысяч дозаў, яна праходзіла кантроль якасьці і толькі цяпер паступае для вакцынацыі мэдыкаў.
Плянуецца прышчапіць 2285 мэдработнікаў сталіцы, 3460 — Берасьцейскай вобласьці, 3260 — Віцебскай, 4365 — Гомельскай, 1735 — Гарадзенскай, 1610 — Магілёўскай, 2485 — Менскай вобласьці. І яшчэ 800 дозаў вакцыны прызначана для работнікаў рэспубліканскіх мэдычных устаноў. Так разьмеркавалі атрыманыя 20 тысяч дозаў у Мінздароўя.
Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у 2019 годзе ў Беларусі 55,6 тысячы дактароў (гэта без уліку лекараў, занятых у перападрыхтоўцы кадраў і апараце кіраваньня), і 126,4 тысячы чалавек сярэдняга мэдычнага пэрсаналу. Гэта без уліку санітараў. А ўсяго ў сфэрах аховы здароўя і сацыяльных паслуг занятыя 328,1 тысячы чалавек.
«Вакцынацыя — справа добраахвотная. Многія мэдыкі перахварэлі на каранавірус, некаторыя скептычна ставяцца да вакцыны расейскай вытворчасьці. Таму ў маім аддзяленьні, дзе працуе прыкладна 50 мэдыкаў, жаданьне прышчапіцца выказалі толькі чатыры чалавекі», — на ўмовах ананімнасьці расказала старшая мэдсястра адной са сталічных клінік.
Мяркуецца, што патрэбу ў вакцыне «Спутник V» будуць закрываць магутнасьцямі айчынных фармацэўтычных прадпрыемстваў. Пакуль інфармацыі, калі ў Беларусі пачнецца вытворчасьць расейскай вакцыны прынамсі на магутнасьцях «Белмэдпрэпаратаў», няма.
Што да закупу вакцын зь іншых краін, міністар Дзьмітры Піневіч сказаў, што перамовы вядуцца пакуль толькі з Кітаем.
Больш за 100 беларускіх мэдыкаў памерлі падчас барацьбы з пандэміяй каранавірусу.