Новы штам выявілі ў студэнткі, якая вярнулася з Вялікабрытаніі. Яна здала тэст у Шанхаі 14 сьнежня. Цэнтар кантролю і прафілактыкі захворваньняў заявіў, што выяўлены выпадак уяўляе сур’ёзную небясьпеку для кантролю за COVID-19 у краіне.
Пра зьяўленьне новай мутацыі COVID-19 стала вядома ў сярэдзіне сьнежня. Паводле словаў мэдыкаў, яна распаўсюджваецца на 70 адсоткаў хутчэй звычайнага штаму, але не ўяўляе для пацыентаў большай пагрозы.
За апошнія два тыдні праз новы штам каранавірусу больш за 20 краін прыпынілі зь Вялікабрытаніяй авіязносіны. Новая мутацыя COVID-19 выяўленая ў пацыентаў у некаторых краінах Эўразьвязу, Азіі і Блізкага Ўсходу. У Лёндане і яго ваколіцах уведзены жорсткі карантын.