На гэты момант, паводле прэсавага сакратара Каталіцкай царквы ў Беларусі Юрыя Санько, вырашаюцца тэхнічныя моманты, паведамляе Tut.by.
«Мы чакаем яго сёньня», — сказаў Санько Свабодзе.
22 сьнежня апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч і міністар замежных справаў Уладзімер Макей амаль адначасова заявілі, што пытаньне вяртаньня арцыбіскупа ў краіну вырашаецца.
Паводле Ёзіча, ад дзяржаўных органаў Беларусі ўжо няма перашкод, а Макей паведаміў, што даручэньне вырашыць праблему даў Лукашэнка, «з улікам сваёй павагі да папы Рымскага».
Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч ня мог вярнуцца ў краіну каля трох месяцаў, нягледзячы на ягонае беларускае грамадзянства. 31 жніўня памежнікі не прапусьцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў. Пазьней дзяржаўныя органы заявілі, што МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным. Зь якім пашпартам арцыбіскуп прыедзе ў Беларусь на гэты раз, невядома.
Лукашэнка вінаваціў Кандрусевіча ў тым, што мітрапаліт выяжджаў у Польшчу нібыта для кансультацый аб тым, «як разбураць Беларусь». Да таго Кандрусевіч асудзіў гвалт сілавікоў зь мірных пратэстоўцаў і заклікаў яго спыніць.
Днямі старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч накіраваў віншаваньне Аляксандру Румаку, прызначанаму напярэдадні Упаўнаважаным у справах рэлігій і нацыянальнасьцяў.
У лісьце, адрасаваным новаму ўпаўнаважанаму, кіраўнік беларускага каталіцкага эпіскапату віншуе яго з прызначэньнем і адзначае:
«Сфэра рэлігіі і міжрэлігійных адносін зьяўляецца выключна важнай як у духоўным жыцьці грамадзтва, так і ў яго кансалідацыі, што мае асаблівае значэньне ў наш час на нашай Бацькаўшчыне, якая перажывае востры грамадзка-палітычны крызіс.
Каталіцкі касьцёл прапаведуе маральныя каштоўнасьці, без якіх немагчыма пабудаваць мір. Бо калі няма міру ў душы чалавека, ня будзе яго і ў грамадзтве»,— падкрэсьліў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.