Ад 2007 году з такой казаньню выступаў мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.
Аднак сёлета ў тэлепраграме няма выступу кіраўніка Беларускага каталіцкага касьцёла, а затое стаіць зварот праваслаўнага мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Веньяміна. А 5.55 раніцы ён будзе прамаўляць да вернікаў з нагоды дня памяці сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага.
Тым ня менш увечары 24 сьнежня каталіцкую імшу ўсё ж пакажуць. У раскладзе тэлеканалу «Беларусь-1» стаіць:
21:45 Сьвяточнае набажэнства на Нараджэньне Хрыстова. Прамая трансьляцыя.
23:45 Сьвяточная служба з Ватыкану з удзелам папы Францішка. Прамая трансьляцыя.
Прэс-сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько патлумачыў «Нашай Ніве» прычыну падобнай замены.
«Няма мітрапаліта — няма звароту», — канстатаваў ён, нагадаўшы, што Тадэвуш Кандрусевіч ня можа вярнуцца ў Беларусь ад верасьня. Улады вінавацяць яго нібыта ў падвойным грамадзянстве, хоць ніякіх доказаў не даюць.
Выданьне таксама пацікавілася, чаму замест мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да вернікаў не зьвяртаецца дапаможны біскуп Юры Касабуцкі.
«Калі рыхтавалася трансьляцыя сьвяточнай імшы, нам было даведзена, што яе можа праводзіць хто заўгодна, але ня біскуп Касабуцкі», — адказаў ксёндз Юры Санько.
Да таго Юры Касабуцкі таксама адзначыўся як пасьлядоўны абаронца грамадзянскіх свабод у Беларусі.
Сёлета сьвяточную імшу плянуюць трансьляваць з Магілёва, а служыць яе будзе біскуп Аляксандар Яшэўскі.