Адпаведнае паведамленьне апублікаванае на сайце беларускага Касьцёла :
Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што 22 сьнежня 2020 году з кампэтэнтных дзяржаўных органаў атрымала інфармацыю пра тое, што арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч ня мае перашкодаў для вяртаньня на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
У той жа час Апостальская Нунцыятура выказвае падзяку Дзяржаўным уладам Рэспублікі Беларусь за станоўчы адказ на просьбу Папы Францішка адносна магчымасьці вяртаньня арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча для цэлебрацыі ўрачыстасьці Нараджэньня Пана зь вернікамі, пастырам якіх ён зьяўляецца.
Арцыбіскуп Антэ Ёзіч, Апостальскі Нунцый
22 сьнежня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што Аляксандар Лукашэнка даручыў знайсьці вырашэньне сытуацыі з кіраўніком рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
«Зыходзячы з таго, што ў сілу розных прычын зьявіліся пэўныя праблемныя моманты ў нашых адносінах, папа Рымскі Францішак палічыў магчымым накіраваць свайго пасланца Гуджэроцьці з адпаведным лістом на адрас кіраўніка беларускай дзяржавы. У ім выкладалася просьба, зьвязаная зь вядомай пэрсонай», — патлумачыў чыноўнік.
У верасьні Тадэвушу Кандрусевічу адмовілі ва ўезьдзе ў Беларусь з Польшчы без тлумачэньня прычыны. Пазьней Аляксандар Лукашэнка, камэнтуючы сытуацыю, заявіў, што мітрапаліт «езьдзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі».