І ён такі не адзін. Якія яшчэ віды жывёл пагражаюць прыродзе Беларусі?
Янот-паласкун, родам з Паўночнай Амэрыкі, быў завезены ў Беларусь у сярэдзіне XX стагодзьдзя. Аднак да 2000-х гадоў папуляцыя практычна зьнікла. Цяперашняе зьяўленьне янота, на думку навукоўцаў, можа быць зьвязана як зь міграцыяй з суседніх краін, так і з уцёкамі з прыватных вальераў.
«Вяртаньне янота-паласкуна — гэта экалягічны выклік. Гэта ўсяедная і вельмі адаптыўная жывёла, якая можа нанесьці сур’ёзную шкоду мясцовым экасыстэмам, руйнуючы гнёзды птушак, у тым ліку рэдкіх, і выціскаючы мясцовыя віды драпежнікаў, такіх як лясная куніца ці тхор», — камэнтаваў выяўленьне янота-паласкуна навуковы супрацоўнік Цэнтру біярэсурсаў НАН Беларусі Павел Велігураў.
Адным з самых агрэсіўных захопнікаў сярод сысуноў (млекакормячых) стала амэрыканская норка, завезеная ў Беларусь у XX ст. для футравага промыслу.
Больш буйная і пладавітая, яна хутка распаўсюдзілася па Беларусі і пачала імкліва выціскаць свайго абарыгеннага суродзіча — норку эўрапейскую. Менавіта яе ў 2004 годзе ўключылі ў Чырвоную кнігу, але ўжо больш за 10 гадоў навукоўцы ня могуць пацьвердзіць жыхарства эўрапейскай норкі на тэрыторыі Беларусі.
У 2025 годзе заплянаваны выхад 5-й рэдакцыі Чырвонай кнігі Беларусі, і эўрапейскую норку могуць перанесьці ў сьпіс відаў, расьсяленьне якіх на тэрыторыі Беларусі не пацьверджана.
Яшчэ адзін «імігрант» — янотападобны сабака, родам з Далёкага Ўсходу. Гэты ўсяедны драпежнік наносіць значныя страты папуляцыям птушак, якія гняздуюцца на зямлі, і пераносіць небясьпечныя захворваньні, у тым ліку шаленства.
У Беларусі янотападобны сабака прызнаны непажаданым відам.
Сапраўднай бядой для многіх азёраў і рэк стаў ратан-галавешка. Гэта невялікая, але надзвычай пражэрлівая рыба, выпадкова завезеная з Далёкага Ўсходу, здольная за кароткі час цалкам зьнішчаць папуляцыі мясцовых відаў рыб, паядаючы іх ікру і малькоў. У некаторых невялікіх вадаёмах ратан застаўся адзіным насельнікам.
Ратан здольны выжываць у забруджаных вадаёмах, перажываць частковае перасыханьне і поўнае прамярзаньне да дна зімой, зарываючыся ў глей.
Праблемай для садаводаў, агароднікаў і нават грыбнікоў стаў гішпанскі смоўж. Вы дакладна бачылі гэтага буйнога рудога малюска, які за апошнія 10–15 гадоў распаўсюдзіўся практычна па ўсёй Беларусі. У Эўропе ён лічыцца адным з 100 самых небясьпечных інвазійных відаў.
Гішпанскі смоўж адрозьніваецца вялізнай хуткасьцю размнажэньня, падобна, таму, што практычна ня мае натуральных ворагаў, да таго ж ён гермафрадыт і здольны да самаапладненьня. Гішпанскія смаўжы зьнішчаюць сады і агароды, дэкаратыўныя расьліны і дзікарослыя травы. Акрамя таго, яны пераносяць розных паразытаў, небясьпечных для свойскай жывёлы і чалавека.
Праблема чырванавухіх чарапах зьявілася адносна нядаўна. Быў час, калі гэтых маленечкіх чарапашак прадавалі ледзь не на кожным рагу, запэўніваючы, што яны больш ня вырастуць, а даглядаць за мілымі рэптыліямі вельмі лёгка. Папраўдзе ўсё наадварот — ня ведаючы таго, гаспадар заводзіць драпежніка, які даволі хутка расьце і патрабуе асаблівых умоваў. У выніку няўдачлівыя гаспадары пачалі выпускаць няшчасных жывёл у беларускія вадаёмы (а гэта строга забаронена).
Чырванавухія чарапахі паходзяць з Паўночнай Амэрыкі і звыклі да цяплейшага клімату, тым ня менш многія зь іх прыжываюцца ў беларускай прыродзе. У беларускіх мэдыя рэгулярна пішуць, як хтосьці заўважыў чырванавухую чарапаху ў мясцовым вадаёме. Так, у жніўні 2025 году выданьне Smartpress пісала пра тое, як наведнікі парку Перамогі ў Менску засьпелі чырванавухую чарапаху за адкладаньнем яек.
Чырванавухая чарапаха можа стаць пагрозай для адзінага абарыгеннага віду чарапах у Беларусі — балотнай чарапахі, занесенай у Чырвоную кнігу краіны.
У 2022 годзе ў Беларусі забаранілі трымаць дома і разводзіць чырванавухіх чарапах. Трапілі яны і ў Чорную кнігу інвазійных відаў.
Форум