Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакістан паведаміў пра сутыкненьні на мяжы ў час перамоваў з Афганістанам


Прадстаўнікі Афганістану і Пакістану на мірных перамовах у Досе, якія папярэднічалі сустрэчы ў Стамбуле
Прадстаўнікі Афганістану і Пакістану на мірных перамовах у Досе, якія папярэднічалі сустрэчы ў Стамбуле

Пяць пакістанскіх салдат і 25 баевікоў загінулі ў сутычках каля мяжы з Афганістанам, паведамілі пакістанскія вайскоўцы ў нядзелю, калі дэлегацыі абедзьвюх краін сустрэліся, каб паспрабаваць разрадзіць напружанасьць пасьля найбольш сьмяротных баёў за апошнія гады.

Баевікі спрабавалі перабрацца з Афганістану ў пятніцу і суботу ў раёнах Курам і Паўночны Вазырыстан, цяжкапраходных раёнах уздоўж паўночна-заходняй мяжы Пакістану, паведаміла мэдыя-прадстаўніцтва пакістанскіх вайскоўцаў, піша Reuters.

Там дадалі, што спробы пранікненьня ставяць пад сумнеў намеры ўраду Афганістану «адносна разьвязаньня праблемы тэрарызму, які зыходзіць зь яго тэрыторыі».

У Афганістане галоўны прадстаўнік ураду Талібану і Міністэрства абароны не адразу адказалі на просьбу пракамэнтаваць паведамленні пра напады.

Талібан адмаўляе абвінавачваньні Ісламабаду ў тым, што хавае на сваёй тэрыторыі баевікоў і заяўляе, што ваенныя апэрацыі Пакістану «парушаюць сувэрэнітэт Афганістану».

Чыноўнікі абедзьвюх краін сустракаюцца ў Стамбуле, каб прадухіліць узнаўленьне канфлікту пасьля сутыкненьняў паміж іх войскамі раней у гэтым месяцы — найбольш гарачых і крывавых памежных баёў з моманту захопу Кабулу талібамі ў 2021 годзе.

Гэтыя баі пачаліся пасьля таго, як Пакістан запатрабаваў ад талібаў стрымаць баевікоў, якія, паводле іх слоў, дзейнічаюць з афганскіх сховішчаў, што выклікала жорсткую перастрэлку і пакістанскія авіяўдары. Абодва бакі дасягнулі перамір’я ў Досе ў мінулую нядзелю.

Міністар абароны Пакістану Хаваджа Асіф заявіў у суботу, што перамір’е захоўваецца, і ён лічыць, што Афганістан хоча міру. Але ён папярэдзіў, што няўдача ў дасягненьні пагадненьня ў Стамбуле будзе азначаць «адкрытую вайну».

Пакістанскія вайскоўцы ахарактарызавалі нападнікаў у пятніцу і суботу як членаў «Фітны аль-Хварыдж» — тэрміну, які яны выкарыстоўваюць для групаў, якія, паводле меркаваньня афіцыйнага Ісламабаду, натхнёныя ваяўнічай ідэалёгіяй і падтрымліваюцца «замежнымі фундатарамі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG