Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Літвы пачала дасудовае рассьледаваньне аб гвалце міліцыі ў Менску


Ланцуг салідарнасці зь Беларусьсю ў Літве з удзелам экс-прэзыдэнткі Далі Грыбаўскайце, Вільня, жнівень 2020 году.
Ланцуг салідарнасці зь Беларусьсю ў Літве з удзелам экс-прэзыдэнткі Далі Грыбаўскайце, Вільня, жнівень 2020 году.

Генэральны пракурор Літвы Эвалдас Пашыліс пачаў дасудовае расьсьледаваньне злачынстваў супраць чалавечнасьці па скарзе грамадзяніна Беларусі, паведамляе ў сераду агенцтва BNS са спасылкай на літоўскую Генпракуратуру.

Паводле Delfi.lt, грамадзянін Беларусі, які пражывае ў гэты момант у Літве, зьвярнуўся ў пракуратуру 30 лістапада па прычыне гвалтоўных дзеяньняў, якія былі зьдзейсьненыя над ім 13 кастрычніка ў Менску.

«Абставіны здарэньня, названыя заяўнікам і іншыя першасныя дадзеныя, прадстаўленыя пракуратуры, ацэнены як такія, што маюць склад злачынства, у адносінах да якога, паводле Крымінальнага Кодэксу Літоўскай Рэспублікі, ужываецца ўнівэрсальная юрысдыкцыя», – гаворыцца ў паведамленьні Генпракуратуры Літвы.

Неафіцыйна вядома, што справа заведзеная па факце зьбіцьця раніцай 13 кастрычніка аднаго з уласьнікаў менскай крамы «Первый цветной» Максіма Харошына. Яго брутальна пабілі пры затрыманьні і пасьля ў РУУС, так што адразу зь міліцыі адправілі ў шпіталь.

30 лістапада ад імя офісу Сьвятланы Ціханоўскі адвакат Гедрус Данэлюс падаў заяву з просьбай расследаваць справу Хорошына. Генпракуратура Літвы праверыла матэрыялы і прыйшла да высновы, што іх дастаткова для паўнавартаснага крымінальнага пераследу. Падазраваны былі кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў.

Гэта першая справа за гвалт міліцыянтаў супраць мірных грамадзян у Беларусі. Беларускія пракуратура і Сьледчы камітэт дагэтуль не завялі ніводнай справы па больш чым 2000 заявах аб катаваньнях пры затрыманьнях і ў турмах, у тым ліку па фактах гібелі Аляксандра Тарайкоўскага, Рамана Бандарэнкі і іншых удзельнікаў пратэстаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG