Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч на Радзе ААН па правах чалавека: Дыялёг патрэбны, але не любой цаной


Сьвятлана Алексіевіч. Менск, кастрычнік 2019.
Сьвятлана Алексіевіч. Менск, кастрычнік 2019.

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч заклікала Раду ААН па правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яе сродкі для рэагаваньня на сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытаньне аб стварэньні спэцыяльных мэханізмаў расьсьледаваньня.

Алексіевіч уваходзіць у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі, яна вымушана пакінула краіну ў канцы верасьня і знаходзіцца ў Нямеччыне.

«Мая родная Беларусь перажывае адзін з драматычных момантаў у сваёй гісторыі», — заявіла пісьменьніца, выступаючы 4 сьнежня ад імя міжнароднага ПЭН-цэнтру ў ходзе інтэрактыўнага дыялёгу Рады ААН па правах чалавека аб сытуацыі ў Беларусі.

«Тысячы беларусаў і беларусак выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту, супраць несправядлівасьці і фальсыфікацый. Але ўлады адказваюць новымі актамі запалохваньня, арыштамі і катаваньнямі», — сказала Алексіевіч. Яна падкрэсьліла, што сотням людзей у Беларусі пагражае крымінальны перасьлед, шмат хто быў вымушаны пакінуць краіну.

«На жаль, як часта ўжо бывала ў беларускай гісторыі, моманты найвышэйшага духоўнага ўздыму не аддзеленыя ад ахвяраў, — адзначыла пісьменьніца. — 11 лістапада малады мастак Раман Бандарэнка стаў ахвярай несправакаванага гвалту з боку людзей з закрытымі тварамі, якія зьбілі яго. Ён быў дастаўлены ў міліцыю, а затым у бальніцу ў коме зь цяжкімі траўмамі галавы. 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі».

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады падкрэсьліла, што беларускае грамадзтва і інтэлектуальная эліта краіны — «прыхільнікі мірнага вырашэньня грамадзка-палітычнага крызісу, дыялёгу».

«Аднак дыялёг ня можа рэалізавацца любой цаной, — сказала яна. — Ад імя грамадзянскай супольнасьці я заклікаю Раду ААН па правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яе сродкі для рэагаваньня на сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытаньне аб стварэньні спэцыяльных мэханізмаў расьсьледаваньня».

У ходзе інтэрактыўнага дыялёгу Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет прадставіла агляд сытуацыі ў Беларусі. Яна адзначыла, што сытуацыя ў Беларусі ня толькі не палепшылася, але ў апошнія тыдні яшчэ больш пагоршылася.

«Я занепакоеная прымяненьнем сілы падчас мірных сходаў, — сказала Бачэлет. — Улады павінны садзейнічаць правядзеньню мірных акцый пратэсту, прымяненьне сілы павінна быць прапарцыйнай і выключнай мерай».

Камісар заклікала беларускія ўлады спыніць парушэньні правоў чалавека ў краіне. «Заклікаю неадкладна вызваліць усіх, хто быў незаконна затрыманы за рэалізацыю свайго права на свабоду мірных сходаў, стварыць спрыяльнае асяродзьдзе для працы адвакатаў, праваабаронцаў, журналістаў, а таксама забясьпечыць выкананьне права грамадзян на свабоду слова і сходаў, забясьпечыць незалежнае і адкрытае расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня», — сказала Бачэлет.

  • Затым выказаліся прадстаўнікі дэлегацый розных краін. Большасьць зь іх асудзілі ўжываньне гвалту ў дачыненьні да мірных пратэстоўцаў, перасьлед журналістаў, адвакатаў і праваабаронцаў, наяўнасьць палітвязьняў у краіне. Яны таксама заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт у дачыненьні да мірных грамадзян і правесьці незалежнае і галоснае расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня з затрыманымі з боку супрацоўнікаў сілавых структур і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
  • У падтрымку афіцыйнага Менску выказаліся дэлегацыі такіх краін, як Куба, Расея, КНДР, Сырыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG