Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І ў аўтазаку, і ў турме на падлозе валяўся бел-чырвона-белы сьцяг», — журналіст Ігар Карней выйшаў з-пад арышту


Ігар Карней пасьля вызваленьня з жодзінскага ізалятара, 25 лістапада
Ігар Карней пасьля вызваленьня з жодзінскага ізалятара, 25 лістапада

25 лістапада выйшаў на волю журналіст Ігар Карней. Яго затрымалі перад пачаткам маршу 15 лістапада на Пушкінскай, асудзілі на 10 сутак. Тэрмін ён адбываў у Жодзіне. Кажа, што самым цяжкім было 12-гадзіннае стаяньне каля сьцяны ў двары пастарунку.

Так моцна цягнулі ў аўтазак, што парвалі куртку

Забралі Ігара Карнея разам з жонкай Інай прыкладна а 12-й гадзіне каля «МакДоналдзу» на Пушкінскай, дзе тады было абвешчана месца збору. Людзей было няшмат, калёна толькі пачынала фармавацца, прыгадвае журналіст.

«Народ стаяў на ўзбочынах. І наагул здавалася, што гэтых сілавікоў-слабавікоў было больш, чым пратэстоўцаў. Спачатку яны пабеглі браць людзей у двары, а ўжо потым хапалі тых, хто на тратуарах знаходзіўся.

Мяне схапілі і так моцна цягнулі, што куртку парвалі. Калі саджалі ў аўтазак, на ўваходзе на падлогу быў кінуты бел-чырвона-белы сьцяг, але мы неяк адсунулі яго крыху лявей, каб не таптаць. Атрымаў пару разоў па сьпіне. Пасадзілі ў маленькую камэру чацьвярых, а той адсек быў разьлічаны максымум на дваіх. Павазілі па горадзе, а потым туды трэба было жанчын перасадзіць. Мужчын у аўтазаку паставілі на калені, так і ехалі да РУУСу», — апавядае Ігар.

Затрыманьні падчас акцыі 15 лістапада
Затрыманьні падчас акцыі 15 лістапада

12 гадзін трымалі на холадзе ў двары пастарунку

Прывезьлі ў міліцыю, паставілі частку затрыманых уздоўж агароджы РУУСу, частку каля гаража. Тварамі да сьцяны, рукі ўгару.

«У двары пастарунку быў самы цяжкі экстрым. Фактычна нас там трымалі з гадзіны дня да гадзіны ночы. Пэрыядычна падыходзілі міліцыянты, патрабавалі, каб мы рукі яшчэ вышэй узьнялі. У той дзень было даволі халодна — увечары тэмпэратура мінусавая, без пальчатак рукі мерзьлі».

У гадзіну ночы прыехаў аўтазак, і ўсіх затрыманых некуды павезьлі.. Спачатку ня ведалі, куды. Потым ужо АМАПавец сказаў, што ў Жодзіна.

«У пакоі надгляду таксама бел-чырвона-белы сьцяг на падлозе валяўся, хто адмаўляўся наступаць — білі дручкамі, нагамі, кулакамі. Потым ужо разьвялі па камэрах — у камэру на 10 чалавек запхнулі 20. Першыя двое сутак не было ні матрацаў, ні пасьцельных прыналежнасьцяў. Фактычна першую ноч і ня спалі — хтосьці падклаў рукі пад галаву і спрабаваў драмаць на стале. Другая ноч таксама цяжкая была», — кажа Ігар.

«Штраф выклікаў у АМАПаўцаў прыступ ярасьці — яны патрабавалі тлумачэньняў у судзьдзяў»

У аўторак, на трэці дзень пасьля затрыманьня, былі суды. Судзілі праз скайп судзьдзі з Крупак, Смалявічаў і Чэрвеня.

«Адчувалася, што яны нічога не разумеюць: пратаколы складзеныя абы як, месца затрыманьня пазначана ня тое, час таксама ня той. Людзі абураліся, не пагаджаліся, а яны не зьвярталі ўвагі, бо зразумела, што яны паняцьця ня маюць пра сталічныя лякацыі.

Судзілі паводле шаблёну. Калі чалавек трапляў другі раз, давалі болей. Аднаму такому „рэцыдывісту“ далі 20 сутак паводле артыкулаў 23.34 і 23.4. Прыпісалі яшчэ супраціў міліцыі. Давалі і па 15 сутак — шляхам складаньня двух пратаколаў: 10 плюс 7, атрымліваецца 15. У парадку выключэньня пару прысудаў было па 7-8 сутак. Толькі адзін быў штраф. Гэта выклікала ў амапаўцаў прыступ лютасьці, яны патрабавалі ад судзьдзяў тлумачэньняў, чаму штраф, а ня суткі», — кажа Ігар.

На ўмовы ўтрыманьня журналіст ня скардзіцца. Адзін раз выводзілі на прагулку, адзін раз — у душ. Перадачы, якія сваякі прывезьлі ў сераду раніцай, перадалі толькі ўвечары ў чацьвер.

«Учора пасадзілі хлопца, які прынёс нам навіны з волі. Дарэчы, ён пастаўляе посуд у турмы. Пакуль ня ведаю, ці ўсё дайшло ў перадачы, але літаратуру яны дакладна фільтравалі. Ну а супрацоўнікі турмы нармальныя, даволі адэкватныя, але часам прыходзілі амапаўцы.

Сумна было, рабіць няма чаго. Пад’ём а 6-й, адбой а 22-й. Сядзець на нарах нельга ўдзень. Вакол стала — 6 пасадачных месцаў, стоячы чытаеш, ходзіш кругамі. Ніводнага ліста, ніводнай тэлеграмы ніхто з сукамэрнікаў так і не атрымаў, ніякай сувязі з вонкавым сьветам не было», — апавядае пра турэмныя будні Ігар.

Сукамэрнікі — спрэс айцішнікі, навуковыя супрацоўнікі, адлічаныя студэнты

Што да кантынгенту, у камэры былі толькі «палітычныя». Амаль усе — з вышэйшай адукацыяй, усе працуюць.

«Шмат айцішнікаў, былі навуковыя супрацоўнікі акадэмічных інстытутаў, адлічаныя студэнты, прадпрымальнікі, рабочыя з МАЗу, зь БелАЗу — цалкам прыстойная публіка», — кажа Ігар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG