Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз адрэагаваў на адмову Літвы і Польшчы выканаць прапанову беларускага боку аб адкліканьні амбасадараў зь Менску і скарачэньні пэрсаналу іх дыпляматычных місіяў.
Міністэрства замежных справаў Беларусі ўчора запатрабавала ад Польшчы і Літвы скараціць колькасьць сваіх дыпляматаў у Беларусі. Амбасадары Беларусі ў гэтых краінах былі адкліканыя ў Менск для кансультацыяў. Менск прапанаваў амбасадарам Польшчы і Літвы ў Беларусі таксама адправіцца ў свае сталіцы для кансультацыяў.
Міністар замежных справаў Польшчы Раў адказаў на прапанову МЗС Беларусі ў сваім твітэры: «На гэтым этапе мы не зьбіраемся адклікаць нашых амбасадараў для кансультацыяў».
Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус таксама заявіў, што Вільня не зьбіраецца адклікаць свайго амбасадара для кансультацыяў, як і скарачаць пэрсанал сваёй амбасады ў Менску.
Анатоль Глаз у адказ на гэта настойвае на тым, што прапановы скараціць дыпляматычны пэрсанал амбасадаў Літвы і Польшчы, якія агучыла напярэдадні МЗС Беларусі, абавязковыя для выкананьня.
Прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі сказаў БелТА, што прапанова Польшчы і Літве адклікаць амбасадараў і скараціць штат амбасадаў былі папраўдзе загадам:
«Ня ведаю, можа, праз тое, што Лінас Лінкявічус [міністар замежных справаў Літвы] ужо даўно з галавой сышоў у палітыку, некаторыя дыпляматычныя абароты і тэрміны ўжо крыху забыліся. Растлумачыць іх значэньне нам зусім не складана. Па-першае, зробленыя намі прапановы знаходзяцца выключна ў абшары сувэрэнных правоў Беларусі, і ніхто іх не абавязаны, ды і, уласна, не зьбіраўся абмяркоўваць зь літоўскім бокам. Калі адысьці ад дыпляматычнай казуістыкі, то гэта значыць, што такія прапановы абавязковыя для выкананьня літоўскім МЗС».