У ноч на 30 верасьня кандыдаты ў прэзыдэнты ЗША Дональд Трамп і Джо Байдэн сустрэнуцца сам-насам у Агаё на першых дэбатах.
Тэлеканал «Настоящее время» пакажа іх у жывым эфіры з сынхронным перакладам на расейскую мову, пачынаючы з 03:40 раніцы па менскім часе.
Мадэратарам дыскусіі будзе Крыс Уолес з Fox News: ён таксама мадэраваў прэзыдэнцкія дэбаты Клінтан-Трамп у 2016 годзе.
Чым характэрныя менавіта гэтыя дэбаты
- Часам, які застаецца да выбараў. Выбары прэзыдэнта ў ЗША прызначаныя на 3 лістапада 2020 году, гэта значыць, да іх засталося толькі 35 дзён, а ў некаторых штатах датэрміновае галасаваньне ўжо пачалося. Пры гэтым вочных дэбатаў, з прычыны пандэміі каранавірусу, сёлета паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты яшчэ не было: гэта беспрэцэдэнтная сытуацыя для амэрыканскай палітыкі.
- Напружаным супрацьстаяньнем двух кандыдатаў і сілаў, якія яны прадстаўляюць. Амэрыканскае грамадзтва цяпер палярызаванае, і пунктаў згоды ў ядзерных электаратаў Рэспубліканскай і Дэмакратычнай партыяў вельмі мала. У гэтых умовах дэбаты набываюць дадатковы напал і вастрыню.
Якія тэмы будуць абмяркоўвацца
- Расавае пытаньне ў ЗША і выкліканыя ім беспарадкі ў шэрагу амэрыканскіх гарадоў летам 2020 году. Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі называюць беспарадкі «мірнымі пратэстамі» і лічаць, што яны шмат у чым апраўданыя і былі выкліканыя хваляй паліцэйскага гвалту ў адносінах да меншасьцяў. Прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі, наадварот, лічаць беспарадкі і пагромы недапушчальнымі і ўхваляюць выкарыстаньне Нацыянальнай гвардыі для іх падаўленьня.
- «Сумленнасьць» цяперашніх выбараў. А менавіта — выкарыстаньне галасаваньня па пошце замест асабістага галасаваньня на ўчастку. Рэспубліканцы выступаюць супраць паштовага галасаваньня нават падчас эпідэміі каранавірусу, падкрэсьліваючы, што яно дае прастору для фальсыфікацый вынікаў, укідаў бюлетэняў за патрэбнага кандыдата і, наадварот, «стратаў» бюлетэняў за «непатрэбнага» палітыка. Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі, наадварот, ухваляюць паштовае галасаваньне і настойваюць, што нельга рызыкаваць жыцьцямі людзей, якія могуць заразіцца на выбарчых участках.
- Тое, наколькі добра адміністрацыя Трампа і кіраўніцтва асобных штатаў спраўлялася з пандэміяй. Джо Байдэн традыцыйна крытыкуе адміністрацыю Трампа ў гэтым пытаньні і лічыць, што яна магла б дзейнічаць значна больш эфэктыўна, Трамп жа ўскладае адказнасьць за сьмерці людзей ад каранавірусу на кіраўніцтва асобных штатаў.
- Прызначэньне новага судзьдзі ў Вярхоўны суд на месца, якое займала нябожчыца Рут Бейдэр Гінзбург. Трамп мае намер да выбараў правесьці праз Сэнат кандыдатуру кансэрватыўнай судзьдзі Эмі Коні Барэт, што можа даць кансэрватыўнай Амэрыцы перавагу ў судзе пры абмеркаваньні такіх пытаньняў, як ахова здароўя, доступ да абортаў і, магчыма, нават вынікі лістападаўскіх выбараў. Дэмакраты выступаюць супраць «паскоранага» прызначэньня і патрабуюць прызначыць судзьдзю пасьля выбараў.
- Падаткі і падатковая сыстэма, у тым ліку падаткі, якія павінны плаціць багатыя. На гэтым тыдні New York Times выпусьціла справаздачу аб падатках, якія плаціў Дональд Трамп да абраньня прэзыдэнтам, і абвінаваціла палітыка ў недаплаце фэдэральнага падаходнага падатку за некалькі гадоў. Хутчэй за ўсё, Байдэн выкарыстае матэрыялы гэтага расьсьледаваньня, каб атакаваць Трампа і адцягнуць ад яго галасы выбаршчыкаў з працоўнай клясы.
Фармат дэбатаў гэтым разам будзе складацца з шасьці 15-хвілінных сэгмэнтаў на розныя тэмы. Кожнаму кандыдату будзе дадзена дзьве хвіліны для адказу на пытаньне мадэратара, а пасьля гэтага кандыдаты змогуць адказваць адзін аднаму.
Хоць у апошнія гады дэбаты, паводле сацыялягічных апытаньняў, мала ўплываюць на рэйтынгі кандыдатаў, яны ўсё роўна застаюцца адной з найважнейшых падзеяў палітычнага жыцьця ў ЗША, а іх трансьляцыя — адной з самых рэйтынгавых тэлеперадачаў.