Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Максім Знак за 7 дзён галадоўкі ў СІЗА схуднеў на 6 кг


Максім Знак, архіўнае фота
Максім Знак, архіўнае фота

За сем дзён галадоўкі сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі адвакат Максім Знак схуднеў на 6 кг, «у асобных аналізах ёсьць разыходжаньне з нормай», паведаміў БелаПАН адзін зь яго адвакатаў Дзьмітры Лаеўскі.

Раніцай 25 верасьня Лаеўскі і жонка Знака Надзея, якая таксама зьяўляецца яго адвакатам, наведалі Максіма Знака ў СІЗА.

«Учора, на сёмыя суткі, стан Максіма заканамерна пагоршыўся, — адзначыў Лаеўскі. — За апошні тыдзень яго двойчы пераводзілі ў новую камэру».

Адвакат паведаміў, што сёньня абарона абскардзіла кіраўніцтву Сьледчага камітэту нядаўнюю адмову ў спыненьні крымінальнага перасьледу. «Акрамя таго, на разглядзе ў Генпракуратуры знаходзіцца скарга на абвінавачаньне, пададзеная абаронай 21 верасьня. Таксама 23 верасьня абарона заявіла хадайніцтва сьледчаму аб ліквідацыі парушэньня права на абарону», — сказаў Дзьмітры Лаеўскі.

Абарона Знака настойвае на яго поўнай невінаватасьці, бо «ўсе яго выказваньні былі абсалютна правамерныя і зробленыя ў рамках адвакацкай дзейнасьці».

Вядомы беларускі адвакат, кандыдат юрыдычных навук Максім Знак летам гэтага году надаваў юрыдычную дапамогу Віктару Бабарыку і Сьвятлане Ціханоўскай. Ён падаваў заяву ў ЦВК на рэгістрацыю кандыдатам ад імя Віктара Бабарыкі, калі той ужо быў зьняволены, ён падаваў у Вярхоўны суд пазоў аб непрызнаньні вынікаў выбараў 9 жніўня ад імя Сьвятланы Ціханоўскай.

Максіма Знака затрымалі 9 верасьня, ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 Менску. 18 верасьня яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэксу. У знак нязгоды з абвінавачаньнямі адвакат у той жа дзень абвясьціў галадоўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG