Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт: Калесьнікаву, Знака і Салея падазраюць у закліках да захопу ўлады

абноўлена

Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава і Ільля Салей
Максім Знак (зьлева), Марыя Калесьнікава і Ільля Салей

Сяброў прэзыдыюму Канстытуцыйнай рады Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака, а таксама адваката Віктара Бабарыкі Ільлю Салея падазраюць у «дзеяньнях, накіраваных на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы», паведаміў праз Telegram Сьледчы камітэт Беларусі.

Гаворка ідзе пра ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі «Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь». Па гэтым артыкуле ім пагражае ад 2 да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

УЖЫВУЮ Месяц пратэстаў. Калесьнікава на Валадарскага. Ціханоўская ў Варшаве. Знака затрымалі. Ператрусы ў Каардынацыйнай радзе

«У цяперашні момант у ходзе расьсьледаваньня атрыманыя доказы, якія сьведчаць аб зьдзяйсьненьні пэўнымі асобамі, якія ўваходзяць у склад недзяржаўнай арганізацыі, названай „Каардынацыйная рада“, дзеяньняў, накіраваных на дэстабілізацыю сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне, прычыненьні шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь. Названыя дзеяньні зьдзяйсьняліся з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэт-рэсурсаў», — гаворыцца ў паведамленьні СК.

Калесьнікаву і Знака заключылі пад варту, Салея пакуль затрымалі.

Адвакатка Калесьнікавай: абвінавачваньня пакуль няма​

Пра зьняволеньне Марыі Калесьнікавай яе абаронцы даведаліся ад бацькі, якому патэлефанавалі са сьледчых органаў. Адвакатка Людміла Казак 9 верасьня наведала Калесьнікаву ў Сьледчым ізалятары.

Адвакатка паведаміла, што Калесьнікава зьяўляецца падазраванай па справе аб закліках да захопу дзяржаўнай улады паводле артыкула 361.3 Крымінальнага кодэксу, пакараньне па якому складае да 5 гадоў зьняволеньня.

«Абвінавачваньня няма, будзе яно ці не, залежыць ад працы сьледзтва. На гэта ёсьць 10 дзён для прад’яўленьня, калі ж гэтага ня будзе, то яе павінны будуць вызваліць», — сказала Свабодзе Людміла Казак.

Паводле адвакаткі, Калесьнікава знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Менску, у агульнай камэры з шасьцю жанчынамі. Допытаў пакуль не было.

Калесьнікава расказала адвакатцы, што «сутыкнулася з пагрозамі фізычнай расправы, якія, знаходзячыся ў будынку ГУБАЗіК, успрымаць акрамя як рэальнымі не магла». Па фактах пагрозаў пазбаўленьня жыцьця Марыя мае намер падаваць заявы.

Марыя Калесьнікава прапала ў Менску раніцай 7 верасьня. Паводле відавочцаў, на вуліцы Леніна невядомыя пасадзілі яе ў мікрааўтобус і зьвезьлі. Неўзабаве зьніклі таксама сябры Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў і Антон Раднянкоў.

Раніцай 8 верасьня пры спробе гвалтоўнай высылкі ва Ўкраіну Калесьнікава парвала пашпарт і выбралася з машыны паміж пунктамі пропуску. Яе затрымалі беларускія памежнікі. Краўцоў і Раднянкоў, каб пазьбегнуць затрыманьня, на вялікай хуткасьці зьехалі на тэрыторыю Ўкраіны. 9 верасьня стала вядома, што Марыя Калесьнікава знаходзіцца ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску.

Вобшукі ў Салея і Знака былі ў рамках крымінальнай справы

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што вобшукі ў Ільлі Салея і Максіма Знака сёньня раніцай абываліся ў сувязі з крымінальнай справай па ч.3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Ільля Салей і Максім Знак цяпер знаходзяцца ў Цэнтральным апараце Сьледчага камітэту.

Адвакат Максіма Знака Дзьмітры Лаеўскі пацьвердзіў БелаПАН, што Знак знаходзіцца ў статусе падазраванага ў рамках крымінальнай справы па ч. 3 арт. 361 КК («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь: публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту»).

Толькі адзін сябар прэзыдыюму Каардынацыйнай рады на волі ў Беларусі

Зь сямі сябраў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады шэсьць альбо затрыманыя, альбо гвалтоўна вывезеныя за мяжу. На волі застаецца толькі нобэлеўская ляўрэатка, пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, але да яе сёньня прыйшлі апэратыўнікі ў цывільным, у двары два аўтобусы.

Каардынацыйная рада па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў краіне створаная з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, якая цяпер у Літве. Першае пасяджэньне прайшло 19 жніўня. На наступны дзень Генпракуратура паведаміла, што па факце стварэньня і дзейнасьці КР распачатая справа паводле арт. 361 КК (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG