Дата дня
13 верасьня 1893 году нарадзіўся Андрэй Мрый, беларускі празаік, журналіст. Мрый напісаў кнігу «Запіскі Самсона Самасуя», у якой у сатырычным тоне паказаў усталяваньне новага ладу у 20-я гады мінулага стагодзьдзя, у тым ліку пачаткі савецкай беларусізацыі. Твор быў абвешчаны пасквілем на савецкую рэчаіснасьць, а аўтара саслалі ў ГУЛАГ.
Таксама ў гэты дзень
1501 — Мікелянджэлё пачаў працаваць над скульптурай Давіда.
1562 — князі і баяры ВКЛ на палявым (абозным) сойме каля Віцебску ўхвалілі прапанову аб новай дзяржаўнай уніі з Польшчай і накіравалі яе вялікаму князю.
1769 — расейскія войскі пад камандаваньнем Аляксандра Суворава перамаглі атрады Барскіх канфэдэратаў на чале з Казiмiрам i Францам Пуласкiмі ля вёскі Арэхава (паблізу Маларыты).
1894 — нарадзіўся выдатны польскі паэт Юльян Тувім. На беларускую мову яго перакладалі Васіль Сёмуха, Максім Танк, Алег Лойка, Анатоль Вялюгін, Сяргей Дзяргай, Язэп Семяжон.
Памятаеш, як мы паўпіваліся вальсам,
Панна, мадонна, легенда мая?
Памятаеш, як сьвет закружыла танцам,-
Сьвет у абдымках і я?
Палахлівы блюзьнерца,
Як туліў я да сэрца
Сьпелых яблычак пару тваіх,
Што з дыханьнем суладна
Уздымаліся вабна,
Як і ўся ты, у думках маіх.
Спарышок вачэй карых,
Што і ёсьць і няма іх,—
Іх ты долу патупіла зноў,
Нібы песьціла ўпотай
Сваёй томнай пяшчотай
Тыя яблычкі мараў і сноў.
Юльян Тувім, урывак паэмы «Польскія кветкі» (пераклад Васіля Сёмухі)
1953 — Мікіту Хрушчова абралі першым сакратаром ЦК КПСС.
1974 — беларуская студыя тэлебачаньня пачала трансьляваць каляровыя перадачы.
1994 — дзяржаўная камісія артаграфіі, створаная ў Беларусі, апублікавала выніковыя рэкамэндацыі, у якіх прызнавалася пажаданасьць вяртаньня некаторых дарэформенных нормаў беларускай мовы.
2013 — Аляксандар Лукашэнка стаў ляўрэатам «Шнобелеўскай прэміі міру» за забарону воплескаў у 2011-м. Парадыйная прэмія ўручаецца ў Гарвардзкім унівэрсытэце ЗША.
У памяці
1592 — Мішэль Мантэнь, францускі філёзаф, пісьменьнік, палітычны дзяяч, юрыст.
1859 — Фадзей Булгарын, расейскі пісьменьнік беларускага паходжаньня, журналіст, выдавец газэты.
1983 — Мар’ян Пецюкевіч, беларускі этнограф і грамадзкі дзяяч. У перадваенны час — дырэктар музэя імя Івана Луцкевіча. Быў асуджаны на 25 гадоў і сасланы ў лягер у Варкуту.
2003 — Анатоль Багатыроў, беларускі кампазытар, пэдагог і грамадзкі дзяяч.