Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 20 гадоў насельніцтва Беларусі скарацілася больш як на 630 тысяч чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Насельніцтва Беларусі за 20 гадоў скарацілася амаль на 631,8 тысячы чалавек, пры гэтым гарадзкіх жыхароў стала больш. Такія лічбы па выніках перапісу насельніцтва 2019 году падае Нацыянальны статыстычны камітэт.

Калі ў 1999 годзе ў Беларусі стала пражывалі 10 045 237 чалавек, дык у 2009-м — 9 503 807, а ў 2019-м — 9 413 446.

Урбанізацыя

  • Колькасьць гарадзкога насельніцтва за апошнія 20 год павялічылася на 338,3 тысячы: у 1999 годзе ў гарадах жылі 6 961 516 чалавек, у 2019-м — 7 299 989.
  • А вяскоўцаў, наадварот, стала менш прыкладна на 970 тысяч: у 2019 годзе ў вёсках Беларусі жылі 2 113 457 чалавек.

Ва ўсіх абласьцях колькасьць насельніцтва паступова скарачаецца, а вось у сталіцы яна расьце: у 1999 годзе ў Менску жылі 1 680 567 чалавек, у 2009-м — 1 836 808, у 2019-м — 2 018 281.

Насельніцтва старэе

Статыстыка па ўзросьце адпавядае агульнаэўрапейскім тэндэнцыям — насельніцтва Беларусі старэе:

  • у 1999 годзе ў Беларусі было 2 131 869 жыхароў, маладзейшых за працаздольны ўзрост, працаздольнага ўзросту — 5 752 100, старэйшых — 2 160 103,
  • у 2019-м, адпаведна: 1 683 957 — 5 420 271 — 2 309 218.

У большасьці рэгіёнаў сёньня чвэрць насельніцтва складаюць пажылыя людзі. У цэлым па Беларусі — 24,5%.

Чым мужчыны старэйшыя, тым іх менш

На 2019 год у Беларусі было 4 351 473 мужчыны і 5 061 973 жанчыны: на тысячу мужчын прыпадае 1163 жанчыны. Аднак да 25 гадоў суадносіны іншыя: хлопчыкаў і хлапцоў больш, чым дзяўчынак і дзяўчат. Перакос у другі бок пачынаецца з 25-гадовага ўзросту і далей толькі расьце, што зьвязана з вышэйшай сьмяротнасьцю сярод мужчын. У жанчын сярэдняя прагназаваная працягласьць жыцьця вышэйшая прыкладна на 10 гадоў.

Сярэдні ўзрост жыхара Беларусі сёньня — 40,7 года, пры гэтым у мужчын — 38 гадоў, у жанчын — 43.

Усё менш пар бяруцца шлюбам

  • У 1999 годзе мужчын, якія ніколі не былі ў шлюбе, налічвалася 900 683, празь дзесяць гадоў — 988 446, праз дваццаць — 801 784.
  • Сярод жанчын назіраецца аналягічная хваля — незамужніх было адпаведна 735 792 — 793 714 — 617 335.

Колькасьць тых, хто знаходзіцца ў зарэгістраваным або грамадзянскім шлюбе, таксама зьменшылася, а вось тых, хто разьведзены, — павялічылася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG