Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Марыі пагражалі фізычнай расправай». Адвакатка Калесьнікавай распавяла пра сустрэчу з падабароннай


Марыя Калесьнікава, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

Пры сустрэчы з адвакаткай 9 верасьня Марыя Калесьнікава распавяла, што пасьля затрыманьня ёй пагражалі фізычнай расправай, расказала прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі ў Тэлеграме.

Адвакатка Калесьнікавай Людміла Казак зьвяртае ўвагу, што ніякіх дакумэнтаў пра затрыманьне ў Марыі Калесьнікавай на руках няма. Ёй уручылі толькі пастанову аб абраньні меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, санкцыянаваную Генпракуратурай 8 верасьня, у якой не пазначана хто, калі, дзе яе затрымаў. У сувязі з гэтым незразумела, зь якога часу вылічваць 10-дзённы тэрмін, устаноўлены для выстаўленьня абвінавачваньня.

Марыя Калесьнікава расцэньвае падзеі апошніх дзён як выкраданьне і разам з адвакатам плянуе падаваць адпаведную заяву.

Яна таксама расказала адвакатцы, што «сутыкнулася з пагрозамі фізычнай расправы, якія, знаходзячыся ў будынку ГУБАЗіК, успрымаць акрамя як рэальнымі не магла». Па фактах пагрозаў пазбаўленьня жыцьця Марыя таксама мае намер падаваць заявы.

Адвакатка чакае, што раніцай 10 верасьня Калесьнікаву дапытаюць. Увечары 9 верасьня Аляксандар Калеснікаў змог перадаць дачцэ неабходныя рэчы.

У СІЗА Марыі аказвалі мэдычную дапамогу: у яе падымаўся ціск і непакоіць сэрца. На целе ёсьць сьляды ўдараў, пабольваюць рукі, бо яе сілай запхалі ў машыну і ўтрымлівалі. Адвакатка мае намер зьвяртацца да сьледчага з заявай аб правядзеньні судова-мэдыцынскай экспэртызы, гаворыцца ў паведамленьні.

Як расказала Марыя Калесьнікава адвакатцы, пасьля затрыманьня 7 верасьня яна правяла паўдня ў ГУБАЗіК, а пасьля яе прывезьлі ў КДБ, дзе да позняга вечара ад яе патрабавалі пагадзіцца добраахвотна пакінуць Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG