8 верасьня штаб Віктара Бабарыкі апублікаваў у афіцыйным Тэлеграм-канале заяву адносна затрыманьня кіраўніцы штабу Марыі Калесьнікавай.
«Мы зьвяртаемся да беларускіх уладаў з патрабаваньнем паведаміць аб месцы знаходжаньня Марыі Калесьнікавай, а ў выпадку яе ўтрыманьня прадстаўнікамі ўлады — неадкладна вызваліць і ў поўным аб’ёме забясьпечыць яе права на абарону і іншыя працэсуальныя гарантыі, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь і нацыянальным заканадаўствам», — гаворыцца ў заяве штабу.
У заяве гаворыцца, што паводле інфармацыі, якую штаб атрымаў зь некалькіх ананімных крыніц, Марыю Калесьнікаву затрымалі, і цяпер яна ў Мазырскім памежным атрадзе (вайсковая частка 1257 у вёсцы Прудок Гомельскай вобласьці).
7 верасьня СМІ са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што Калесьнікаву невядомыя людзі каля Нацыянальнага мастацкага музэю пасадзілі ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь» і павезьлі ў невядомым кірунку.
У МУС Беларусі 7 верасьня Свабодзе адказалі, што не валодаюць інфармацыяй аб яе затрыманьні. 7 верасьня таксама зьнікла сувязь і з выканаўчым сакратаром Каардынацыйнай рады Іванам Краўцовым.
З раніцы 8 верасьня стала вядома, што сябры Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў выехалі ва Ўкраіну. Марыю Калесьнікаву затрымалі на мяжы.
Агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» з спасылкай на інфармаваную крыніцу паведаміла, што Марыя Калесьнікава не перасекла мяжу Ўкраіны, бо пры спробе гвалтоўна вывезьці яе з тэрыторыі Беларусі яна парвала свой пашпарт.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што выезд сяброў Каардынацыйнай рады Антона Раднянкова і Івана Краўцова ня быў добраахвотны:
«Гэта было прымусовае выгнаньне з роднай краіны».
Дзяржаўны памежны камітэт, які пацьвердзіў затрыманьне, не паведаміў, на якіх падставах яе затрымалі.