Сёньня з ізалятара на Акрэсьціна выйшлі гукарэжысэры Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў, якія ўключылі 6 жніўня ў Кіеўскім сквэры ў Менску песьню Цоя «Перамен». Яны правялі за кратамі 10 сутак.
Хлопцы сказалі, што адчуваюць сябе добра, але пакуль «ня ведаюць, у якую краіну сёньня выйшлі».
Суд Цэнтральнага раёну Менску 7 жніўня прызнаў Кірыла і Ўладзіслава вінаватымі ў «дробным хуліганстве» і «непадпарадкаваньні міліцыі». Абодва атрымалі па 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Супрацоўнікі Палаца дзяцей і моладзі Ўладзіслаў Сакалоўскі і Кірыл Галанаў увечары 6 жніўня ўключылі песьню «Перемен» Віктара Цоя на афіцыйным канцэрце каля кінатэатру «Кіеў», перабіўшы выступ баяніста Віталя Варанко.
«Гэты арышт ня што іншае, як перасьлед іншадумства і ўдушэньне грамадзянскай волі, — падкрэсьліваюць арганізатары збору ахвяраваньняў. — Хутчэй за ўсё, пасьля выхаду на волю „дыджэі пераменаў“ будуць звольненыя зь дзяржаўнай установы. Хлопцам патрэбны будуць грошы на рэабілітацыю і выдаткі на прадметы першай неабходнасьці, пакуль яны ня знойдуць сабе новую працу».