Падзеі 22 ліпеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
22 ліпеня 1918 году на чале зь Янкам Серадой сфармавалі Ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. У адрозьненьне ад іншых кіраўнікоў БНР Серада не пакінуў Беларусі. У 1930 ён быў арыштаваны паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў «Саюзе вызваленьня Беларусі» і сасланы ў Яраслаўль на 5 гадоў. У 1941 годзе яму вынесьлі паўторны прысуд —10 гадоў пазбаўленьня волі. Янка Серада памёр у 1943 годзе ў нявысьветленых абставінах.
Таксама ў гэты дзень
1944 — створаны напярэдадні ў Холме каля Любліну Польскі камітэт нацыянальнага вызваленьня выдаў Маніфэст да польскага народу, у якім сфармуляваў праграму пабудовы народна-дэмакратычнай Польшчы. Праз 4 дні ўрад СССР падпісаў пагадненьне з Камітэтам, прызнаючы яго ўладай на вызваленай ад гітлераўцаў польскай тэрыторыі. Пад канец 1944 году Камітэт быў ператвораны ў Часовы ўрад. У камуністычны пэрыяд дата 22 ліпеня адзначалася як Сьвята незалежнасьці краіны.
2011 — у Нарвэгіі Андэрс Брэйвік зрабіў два тэрарыстычныя напады, забіўшы 87 чалавек.
У гэты дзень нарадзіліся
1887 — Януш Корчак, польскі пэдагог, пісьменьнік, лекар і грамадзкі дзяяч. У нацысцкім канцлягеры Трэблінка ён адмовіўся ад прапанаванай свабоды, застаўся са сваімі выхаванцамі і прыняў зь імі сьмерць у газавай камэры.
1919 — беларускі мовазнаўца Міхаіл Булахаў. Аўтар больш за 300 працаў па расейскай, беларускай і іншых славянскіх мовах і па лінгвістычнай тэорыі.
1936 — беларускі літаратуразнаўца Вячаслаў Чамярыцкі.