Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава і Вераніка Цапкала адказалі на пытаньні Свабоды. ВІДЭА

абноўлена

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава
Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава

Кандыдатка ў прэзыдэнты Сьвятлана Ціханоўская разам з паплечніцамі Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай адказалі на пытаньні журналістаў і гледачоў.

У студыі Свабоды — палітычны «трыюмвірат»: Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава. Пасьля нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы штабы аб’ядналіся дзеля перамогі на выбарах. Кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская абяцае, што ў выпадку сваёй перамогі прызначыць новыя, справядлівыя выбары. А ўсіх палітзьняволеных вызваліць.

Пра вываз дзяцей за мяжу

Падчас жывога эфіру Сьвятлана Ціханоўская расказала, як зьявілася ідэя вывесьці дзяцей за мяжу.

«Калі паступілі пагрозы, і я ўзяла сябе ў рукі, я пачала думаць пра бясьпеку дзяцей. Гэта было задумана даўно, дзякуй Богу, усё атрымалася, мне ўдалося іх вывезьці адсюль. Цяпер яны ў бясьпецы, з бабуляй. Была толькі адна пагроза, іншага нічога не было», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Сьвятлана паведаміла, што дзеці вернуцца ў Беларусь, як толькі яна выйграе выбары.

Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава
Вераніка Цапкала, Сьвятлана Ціханоўская, Марыя Калесьнікава

Вераніка Цапкала сказала, што да яе падобных пагроз не паступала. Пагроз да сям’і Марыі Калесьнікавай таксама не было. Але яна прыгадала пра ціск на сям’ю Віктара Бабарыкі і арышт ягоных сяброў.

Пра пагрозу небясьпецы для дзяцей і дзіўны званок з такімі пагрозамі Сьвятлана апавяла 16 чэрвеня.

Пра аб’яднаньне


Марыя Калесьнікава расказала пра аб’яднаньне штабоў. Яна паведаміла, што гэтае рашэньне ўдалося прыняць за 15 хвілінаў.

«Калі мы засталіся ўтрох, мы задаліся пытаньнем: чаго мы хочам? Вызваленьне палітвязьняў, новыя выбары ды іншыя агульныя мэты. Беларускае грамадзтва вельмі рознае, але нягледзячы на гэта мы здольныя дамаўляцца і гатовыя ісьці да адной мэты», — паведаміла Марыя Калесьнікава.

Пра паход на выбары, нягледзячы на пазыцыю Сяргея Ціханоўскага

Сьвятлана Ціханоўская патлумачыла, чаму вырашыла ўдзельнічаць у выбарах, нягледзячы на тое, што Сяргей Ціханоўскі заклікаў на іх не хадзіць.

Сьвятлана сказала, што каманды Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы «маюць мэханізмы для абароны галасоў».

«Лепш паспрабаваць зрабіць гэта і пасьля не шкадаваць, што не зрабіў нічога», — адказала Сьвятлана Ціханоўская.

Кандыдатка дадала, што большасьць прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага яе падтрымалі ў гэтым рашэньні.

Дзе Валер Цапкала

Вераніка Цапкала паведаміла, што Валер Цапкала дае па некалькі інтэрвію ў дзень і «нікуды не прапаў». У асноўным гэта заходнія СМІ, сказала Вераніка Цапкала.

Пра «руку Крамля»

Марыя Калесьнікава адказала і на абвінавачаньні ў сувязях з афіцыйнай Масквой. Яна сказала, што «ніхто так і ня бачыў 31-й дарожнай карты інтэграцыі».

Вераніка Цапкала дадала, што галоўнае для іхнага трыюмвірату — сувэрэнітэт Беларусі.

«Для нас асноўная мэта — сувэрэнітэт Беларусі, пра што казалі ўсе кандыдаты. На збліжэньне з Расеяй найбольш ідзе цяперашняе кіраўніцтва краіны, яны робяць залежнай Беларусь ад энергарэсурсаў Расеі. А мы заўжды гаварылі і будзем гаварыць, што Беларусь — сувэрэнная дзяржава», — сказала Вераніка Цапкала.

Аб прыходзе ў палітыку

Сьвялана Ціханоўская расказала, што раней, у 2006 годзе напрыклад, ня так цікавілася палітыкай, як і яе муж Сяргей Ціханоўскі.

Але ён стаў паглыбляцца сьпярша ў праблемы беларусаў, а пасьля і ў палітыку. Паступова, падчас праглядаў яго стрымаў, аб праблемах Беларусі Сьвятлана стала даведвацца сама.

Вераніка Цапкала патлумачыла, што для яе на першым месцы заўжды была кар’ера. Яна пачала працаваць у 14 гадоў, санітаркай стаматоляга ў паліклініцы, бо марыла некалі стаць тваравым хірургам.

«Я старалася займацца кар’ерай і па магчымасьці ўдзяляць увагу сям’і», — сказала Вераніка Цапкала.

Вераніка Цапкала — сілавікам: «Не страляйце ў свой народ»​

Вераніка Цапкала зьвярнулася да сілавікоў падчас стрыму Свабоды. На яе думку, «яны такія ж грамадзяне, і большасьць зь іх — прыстойныя людзі».

«Яны давалі прысягу свайму народу і сваёй Айчыне. Яны ня змогуць падняць руку і тым больш адкрыць агонь па сваім народзе. Памятайце, што ў натоўпе можа быць вашая маці, жонка, сястра ці проста добры сябра. Не страляйце ў свой народ, ніколі».

Пра супрацоўніцтва зь іншымі палітыкамі

Падчас стрыму Свабоды Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава паведамілі, што «гатовыя аб’ядноўвацца зь любымі палітыкамі, калі іх мэты супадаюць».

Выключэньне адно — Аляксандар Лукашэнка, зь ім аб’ядноўвацца «ня будуць ніколі».

Таксама Вераніка Цапкала сказала, што «трыюмвірат» запрасіў на дэбаты Аляксандра Лукашэнку. Але «ён, хутчэй за ўсё, не пагодзіцца».

Пра беларускую мову

На пытаньне, чаму амаль няма зваротаў па-беларуску і няма агітацыйных матэрыялаў, Марыя Калесьнікава паведаміла, што беларуская мова — мэта будучыні.

Сьвятлана Ціханоўская адказала па-беларуску.

«Большая частка нашага насельніцтва думае і гаворыць па-расейску, таму ім было б цяжка ўспрымаць беларускую мову ў нашых прамовах. Думаю, мы абавязкова дадамо яе ў агітацыйныя матэрыялы. Я вучыла беларускую мову ў асноўным у вёсцы, калі прыяжджала да бабулі. Ніхто не адмаўляе каштоўнасьць беларускай мовы, трэба больш беларускамоўных школ, пра гэта казаў і Сяргей Ціханоўскі. Я заўжды радуюся, калі чую, як моладзь гаворыць па-беларуску», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Пра транзыт улады

Сьвятлана Ціханоўская ня раз заяўляла, што ў выпадку перамогі арганізуе новыя справядлівыя выбары. Падчас трансьляцыі яна апавяла, што над тым, як можа быць арганізаваны транзыт улады і часовы ўрад, цяпер працуюць экспэрты.

Вераніка Цапкала дапоўніла, што ў каманды заплянавана больш за 160 пікетаў, таму «будзе добра, калі да нас далучацца папулярныя, вядомыя людзі, у тым ліку тыя, каго звольнілі за палітычную пазыцыю».​

Пра байкот

Марыя Калесьнікава сказала, што ў гісторыі няма прыкладаў удалых байкотаў, у выніку якіх сыходзіла ўлада.

«Як можна пра гэта думаць і адмаўляць усю тую падтрымку людзей, якую атрымалі альтэрнатыўныя кандыдаты? Як мы можам цяпер адвярнуцца і сказаць, каб яны сядзелі дома? Ёсьць шмат мэханізмаў альтэрнатыўна падлічыць галасы», — сказала Марыя Калесьнікава.

Сьвятлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калесьнікава 20 ліпеня адказалі на пытаньні Свабоды ў жывой трансьляцыі. Іх штабы аб’ядналіся для мэтаў зьмены ўлады ў Беларусі на выбарах 9 жніўня.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG