Рэсурс Mediaiq параўнаў, як асьвятлялі цырымонію адкрыцьця помніка савецкаму салдату ў Ржэве.
Тэлеканал «Россия 1» зьняў сюжэт пра сустрэчу лідэраў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў расейскім Ржэве. «РТР-Беларусь» паказала сюжэт, але прыбрала іронію на адрас беларускай дэлегацыі і кадры камунікацыі прэзыдэнтаў.
Пуцін і Лукашэнка адкрылі Ржэўскі мэмарыял савецкаму салдату 30 чэрвеня. Пра гэта распавялі ў праграме Ўладзіміра Салаўёва «Масква. Крэмль. Пуцін» у нядзелю 5 ліпеня. Тэлеканал «РТР-Беларусь» таксама паказаў расейскі сюжэт. Але выразаў заўвагі наконт эпідэміялагічнага пратаколу беларускага боку.
Прыбралі назіраньне, што памочнікі Лукашэнкі носяць маскі, а гэта «ня можа не зацікавіць», і што ў службе пратаколу прэзыдэнта Беларусі нямала жанчын.
Лукашэнка выконваў супрацьэпідэмічныя меры і карыстаўся «спэцыяльнай ручкай». Пры гэтым папрасіў памочніка нешта прынесьці з картэжу. Карэспандэнт «России-1» выказаў меркаваньне, што беларускі прэзыдэнт падрыхтаваў падарунак для Пуціна.
Прэзыдэнты абняліся і паціснулі рукі. Пасьля сустрэчы Пуцін не сыходзіў, а махаў усьлед аўтамабілю Лукашэнкі.