Заробкі беларусаў упалі падчас пандэміі. Намінальны налічаны сярэдні зарабок у Беларусі ў красавіку склаў 1193 рублі, пра гэта сьведчаць зьвесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту. За месяц да таго гэты паказьнік быў на ўзроўні 1213 рублёў.
Традыцыйна большы заробак у жыхароў Менска — у красавіку ён дасягнуў 1720 рублёў. У Менскай вобласьці гэтая лічба склала 1159 рублёў, у Гомельскай — 1051, у Віцебскай — 1027, у Горадзенскай — 1020, у Берасьцейскай — 1009, у Магілёўскай — 968.
Больш за ўсё ў красавіку атрымлівалі работнікі сфэры інфармацыйных тэхналёгій і дзейнасьці ў галіне інфармацыйнага абслугоўваньня — амаль 5000 рублёў. А таксама ў дапаможнай дзейнасьці фінансавых паслуг і страхаваньня (3215 рублёў) і паветранага транспарту (2596 рублёў).
Менш за ўсё мелі супрацоўнікі цырульняў і салёнаў прыгажосьці — 517 рублёў. У сфэры творчай дзейнасьці — 664 рублі, у бібліятэках, архівах, музэях ды іншых устаноў культуры — 674 рублі, сфэры сацыяльных паслуг — 691 рубель.
Самы вялікі заробак у Менску ў красавіку атрымалі IT-спэцыялісты — 5 298 рублёў. У ліку найбольш высокааплатных таксама работнікі горназдабыўной прамысловасьці — 4 539 рублёў; тэлекамунікацыйнай сфэры — 2 651; работнікі нафтаперапрацоўкі — 2 128; хімічнай прамысловасьці — 2 037.
Самы нізкі заробак маюць работнікі сталічных бібліятэк, архіваў, музэяў — 800 рублёў.