Масавыя рэпрэсіі ў дачыненьні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў кантэксьце прэзыдэнцкай кампаніі выклікаюць асаблівую трывогу, заявіў генсакратар Сусьветнай арганізацыі супраць катаваньняў (OMCT) Джэральд Стэйбрэк у камэнтары, разьмешчаным на сайце Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH).
Ён дадаў, што асабліва трывожыць перасьлед прадстаўнікоў ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна», які вёў незалежнае назіраньне на папярэдніх выбарах. Магчымасьці ж назіраньня за выбарамі міжнародных назіральнікаў абмежаваныя з прычыны пандэміі каранавірусу.
«З улікам працяглага вопыту парушэньняў правоў чалавека з боку беларускіх уладаў і аўтарытарнага характару ўраду гэтыя падзеі прымушаюць нас баяцца, што сытуацыя з палітычнымі свабодамі ў Беларусі з набліжэньнем выбараў толькі пагоршыцца», — дадаў Стэйбрэк.
Абсэрваторыя абароны праваабаронцаў (сумесная праграма FIDH і OMCT) і «Вясна» заклікалі беларускія ўлады вызваліць затрыманых за апошнія дні актывістаў і спыніць перасьлед удзельнікаў мірных акцый.
Раней пра занепакоенасьць нядаўнімі затрыманьнямі ў Беларусі ў сувязі з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі выказвалі ў Эўразьвязе. А прадстаўнік АБСЭ і «Рэпартэры бязь межаў» заклікалі неадкладна вызваліць арыштаваных у Беларусі журналістаў.
У пачатку траўня ў Беларусі прайшлі пратэсы супраць правядзеньня вайсковага параду падчас пандэміі каранавірусу, якія перайшлі ў акцыі супраць зьняволеньня блогера Сяргея Ціханоўскага, які клікаў на «антыпарад». За апошнія дні ў Беларусі затрымалі і асудзілі дзясяткі чалавек, у тым ліку журналістаў, якія асьвятлялі акцыі, а таксама актывістаў праваабарончага цэнтру «Вясна» Аляксандра Буракова, Алену Масьлюкову і Ўладзімера Вялічкіна.